БЕЛ Ł РУС

Украіна ўвяла санкцыі супраць завода ў Беларусі, які вырабляе дэталі снарадаў для расійскіх «Градаў»

22.06.2025 / 16:1

Nashaniva.com

Завод дакладнай электрамеханікі ў Станькаве з'яўляцца адным з 16 беларускіх прадпрыемстваў, датычных да забеспячэння расійскіх сістэм залпавага агню.

Расійская сістэма залпавага агню БМ-21 «Град» у дзеянні. Ілюстрацыйнае фота

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі зацвердзіў сваім указам рашэнне Рады нацыянальнай бяспекі і абароны аб санкцыях супраць фізічных і юрыдычных асоб з Расіі, Беларусі і Кітая за падтрымку расійскай агрэсіі супраць Украіны. Пра гэта паведамляе Беларуская служба «Радыё Свабода».

Як адзначаецца ў апублікаваным тэксце ўказа, Украіна ўвяла санкцыі супраць Рэспубліканскага вытворчага ўнітарнага прадпрыемства «Завод дакладнай электрамеханікі», што знаходзіцца ў Станькаве Дзяржынскага раёна Мінскай вобласці.

Гэты завод, паводле расследавання арганізацыі былых сілавікоў BelPol, з’яўляецца адным з 16 беларускіх прадпрыемстваў, што ў той ці іншай ступені задзейнічаныя ў вытворчасці дэталяў снарадаў для расійскіх сістэм залпавага агню БМ-21 «Град».

Згодна з рашэннем, санкцыі ўводзяцца на 10 гадоў. Сярод абмежаванняў — блакіроўка актываў, забарона на ўдзел у дзяржаўных тэндарах, прыватызацыі і гандлёвых аперацыях.

Прэзідэнт Зяленскі паведаміў, што гэтымі санкцыямі ва Украіне пачалася «вялікая праца» па ўвядзенні абмежаванняў супраць тых, хто дзейнічае на часова акупаваных тэрыторыях, апраўдвае агрэсію або спрыяе Расіі ў яе рэалізацыі.

«Выяўляем усе схемы, што працуюць на карысць акупанта і, як вынік, — супраць Украіны, і блакіруем іх. Працуем таксама над поўнай сінхранізацыяй украінскіх санкцый з рашэннямі партнёраў», — заявіў Зяленскі.

Завод дакладнай электрамеханікі займаецца распрацоўкай і вытворчасцю вайсковай прадукцыі, а таксама прадастаўляе тэлекамунікацыйныя паслугі. Гэта галаўное прадпрыемства па распрацоўцы і вытворчасці ракетнага ўзбраення, у тым ліку рэактыўнай сістэмы залпавага агню В-200 «Паланэз» і комплексу В-300РК «Паланэз-М», якія Расія выкарыстоўвае падчас вайны ва Украіне.

Еўрасаюз увёў санкцыі супраць гэтага прадпрыемства ў лютым 2024 года ў межах 13-га пакета. Да іх далучыліся і шэраг краін-партнёраў Еўрасаюза.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула