У Францыі падчас музычнага фестывалю 145 чалавек укалолі шпрыцамі
Падчас музычнага фестывалю La Fête de la Musique, што адбываўся 21 чэрвеня па ўсёй Францыі, 145 чалавек паведамілі, што іх укалолі шпрыцамі. Міністэрства ўнутраных спраў Францыі заявіла, што ставіцца да гэтага вельмі сур’ёзна, піша Euronews.
Здымак ілюстрацыйны. Фота: freepik.com
Паліцыя ўжо затрымала 12 падазраваных, а ў Парыжы зафіксавана 13 выпадкаў. Каля дзясятка жанчын і непаўналетніх дзяўчат былі дастаўленыя ў бальніцы, дзе ім зрабілі таксікалагічныя аналізы. Следства працягваецца.
Пакуль не пацверджана, ці выкарыстоўваліся падчас уколаў наркатычныя рэчывы, якія могуць прывесці да страты кантролю і зрабіць ахвяр уразлівымі да гвалту.
Напярэдадні фестывалю ў сацсетках з’явіліся заклікі калоць жанчын і дзяўчат шпрыцамі, пра што папярэджвалі папулярныя блогеры.
У горадзе Мец былі затрыманыя двое мужчын. Мэр горада паведаміў, што 17 маладых дзяўчат ва ўзросце ад 14 да 20 гадоў сталі ахвярамі такіх нападаў. Аднаго з падазраваных удалося вызначыць дзякуючы камерам відэаназірання, яго затрымала паліцыя.
У цэлым падчас фестывалю паліцыя затрымала больш за 370 чалавек. 14 чалавек атрымалі сур’ёзныя траўмы, у тым ліку 17-гадовы хлопец, якога знайшлі з нажавым раненнем.
Падобныя выпадкі з ужываннем шпрыцаў ужо здараліся ў Францыі раней — напрыклад, у 2022 годзе, калі паведамлялася пра больш за 400 інцыдэнтаў, у асноўным з удзелам маладых жанчын. Падобныя здарэнні адбываліся таксама ў Іспаніі і Вялікабрытаніі.
Чытайце таксама:
У Брэсце два чалавекі загінулі ад перадазіроўкі метадону
Беларуска спрабавала ўвезці з Турцыі чатыры чамаданы лекаў «для ўласнага спажывання»