БЕЛ Ł РУС

Кава змяншае рызыку заўчаснай смерці. Але пры пэўных умовах

25.06.2025 / 6:20

Nashaniva.com

Добрыя навіны для аматараў сапраўднай чорнай кавы: паводле новага даследавання, штодзённае ўмеранае спажыванне кавы без дабавак можа знізіць рызыку заўчаснай смерці. Аднак калі ў кубак трапляюць цукар, малако ці вяршкі, карысныя ўласцівасці знікаюць.

Фота: vecteezy

Як піша Onet.pl, даследчыкі з Універсітэта Тафтса (ЗША) аналізавалі звычкі харчавання амаль 46 тысяч дарослых амерыканцаў у перыяд з 1999 па 2018 год і звязвалі гэтыя дадзеныя з Нацыянальным рэестрам смерцяў. Сярод іншага ацэньвалася, як розныя тыпы кавы ўплываюць на рызыку заўчаснай смерці.

Даследчыкі падзялілі спажыванне кавы на катэгорыі ў залежнасці ад некалькіх фактараў: ці была яна з кафеінам або без, ці дадавалі туды цукар у розных формах, а таксама ці спажывалася яна з малаком, вяршкамі або сумессю «палова на палову».

Акрамя таго, навукоўцы ўлічвалі колькасць цукру і насычаных тлушчаў, якія ўдзельнікі дадавалі ў сваю каву. Нізкім узроўнем лічылася колькасць, што не перавышае 5% ад сутачнай рэкамендаванай нормы. Гэта прыкладна палова чайнай лыжкі цукру і дзве сталовыя лыжкі малака тлустасцю 2% або адна сталовая лыжка вяршкоў.

Аказалася, што тыя, хто піў прынамсі адзін кубачак звычайнай кавы штодня, мелі на 16% меншую рызыку смерці ад любых прычын, а пры ўжыванні 2-3 кубкаў на дзень гэты паказчык павялічваўся да 17%. Ужыванне большай колькасці напою ўжо не давала дадатковай карысці і нават магло пагоршыць станоўчы эфект, асабліва што да сардэчна-сасудзістых захворванняў.

У цэлым ужыванне чорнай кавы і кавы з невялікім даданнем цукру і насычаных тлушчаў было звязана са зніжэннем рызыкі смяротнасці ад усіх прычын на 14% у параўнанні з людзьмі, хто каву зусім не піў.

Але калі колькасць цукру ці насычаных тлушчаў перавышала норму, станоўчы эфект знікаў.

Па словах аўтараў, іх вынікі пацвярджаюць рэкамендацыі дыетолагаў аб неабходнасці абмежаваць спажыванне цукру і насычаных тлушчаў.

Праўда, яны самі папярэджваюць пра абмежаванні свайго даследавання. Напрыклад, дадзеныя пра тое, колькі кавы пілі ўдзельнікі і што ў яе дадавалі, заснаваныя на самаацэнцы — а гэта заўсёды няпэўны індыкатар. Таксама не было знойдзена відавочнай сувязі паміж безкафеінавай кавай і змяншэннем рызыкі смерці — магчыма, таму што каву без кафеіну пілі толькі адзінкі.

Чытайце таксама:

Цана на каву арабіка паставіла новы гістарычны рэкорд

Кава з апельсінамі, мандарыны з кетчупам. Беларуска шакуе знаёмых гастранамічнымі вычварэнствамі

Новы тып вечарынак набывае папулярнасць у моладзі — удзень, з кавай і без алкаголю

Каментары да артыкула