БЕЛ Ł РУС

Спецслужбы шукаюць фатографаў на мітынг Ціханоўскіх праз скрадзены акаўнт арыштаванай рэдактаркі Вікіпедыі

25.06.2025 / 18:5

Nashaniva.com

Вольга Сітнік, вядомая пад нікнэймам Хомелка, дагэтуль за кратамі па «справе вікіпедыстаў».

Вольга Сітнік. Фота з яе старонкі «Укантакце»

Сёння ў чатах беларускай дыяспары з'явіліся дзясяткі паведамленняў, дзе невядомыя шукалі тых, хто будзе фатаграфаваць беларусаў на мітынгу Святланы і Сяргея Ціханоўскіх у Варшаве — асабліва просяць фота твараў. І гатовыя шчодра заплаціць.

Таксама скідалі фэйкавы анонс мітынгу — з няправільнай датай і месцам (на ім пісалася, што сустрэча ў 20 гадзін каля помніка Пілсудскаму — насамрэч жа мітынг будзе а 19-й каля помніка Каперніку).

Большасць акаўнтаў пустыя. Але некалькі паведамленняў пра пошук фатографаў напісаныя з акаўнта рэдактаркі беларускай Вікіпедыі Вольгі Сітнік, захопленага сілавікамі. Гэта вельмі падобна на почырк ГУБАЗіК — яны і раней пісалі з акаўнтаў затрыманых.

Паведамленне, напісанае з акаўнта Вольгі ў адным з тэлеграм-чатаў

Вольга Сітнік унесла сотні тысяч правак у Вікіпедыю і стварыла тысячы артыкулаў для яе. Таксама Вольга адмініструе беларускі раздзел.

Яе затрымалі ў маі 2025 года. Сутнасць абвінавачанняў невядомая, але падобна, што Сітнік праходзіць па крымінальнай справе з іншымі адміністратарамі беларускай Вікіпедыі, якія цяпер за кратамі.

Апроч гэтага, па чатах шукаюць псеўдаваланцёраў, каб «дапамагаць» на мітынгу. Імаверна, за ўсімі гэтымі дзеяннямі стаяць беларускія спецслужбы.

Чытайце таксама:

Невядомыя спрабуюць наняць фатографа для здымкі прысутных на сустрэчы з Ціханоўскім у Варшаве

Акаўнт сілавікоў шукае ахвотных паздымаць людзей на форуме апазіцыі. А ў іншых чатах папярэджвае, што гэта небяспечна

Спецслужбы збіраюць інфармацыю па чатах дыяспары. Найперш шукаюць студэнтаў

Каментары да артыкула