БЕЛ Ł РУС

Схаваная ядзерная крэпасць Ірана, да якой не даляцяць бомбы ЗША

26.06.2025 / 11:50

Nashaniva.com

Тунэльны комплекс пад гарой Каланг-Газ-Ла ў цэнтральнай частцы Ірана можа быць апошняй надзеяй Ірана ў ядзерным супрацьстаянні.

Схема размяшчэння комплексу Каланг-Газ-Ла. Крыніца: The Telegraph

Як піша The Telegraph, пасля таго, як амерыканскія бамбавікі-невідзімкі B-2, узброеныя супрацьбункернымі бомбамі GBU-57 масай 13 тон, атакавалі ключавыя іранскія цэнтры ўзбагачэння ўрану ў Фардо і Натанзе, Дональд Трамп, які ініцыяваў гэтыя атакі, заявіў, што яны «разграмілі» ядзерную праграму Ірана. Але шмат хто з аналітыкаў сумняваецца ў эфектыўнасці гэтых удараў.

За некалькі дзён да бамбардзіровак спадарожнікавыя здымкі зафіксавалі, як 16 грузавікоў вывозілі нешта з комплексу ў Фардо. Тэгеран загадзя перамясціў значную частку высокаўзбагачанага ўрану ў іншае, невядомае месца.

І, паводле ўсё большай колькасці звестак, гэтым месцам мог стаць падземны комплекс пад гарой Каланг-Газ-Ла (у перакладзе — «Кірка»), размешчаны ў 145 кіламетрах на поўдзень ад Фардо і ў непасрэднай блізкасці ад Натанза ў правінцыі Ісфахан.

За апошнія чатыры гады комплекс у гары Каланг-Газ-Ла, які ўсё яшчэ знаходзіцца ў стадыі будаўніцтва, быў патаемна ўмацаваны і пашыраны.

«Паколькі відавочна, што гэта месца, дзе праводзяцца шматлікія і важныя дзеянні, звязаныя з ядзернай праграмай, мы пытаемся: «Для чаго гэта?» А яны адказваюць: «Гэта не ваша справа», — адзначаў у красавіку кіраўнік МАГАТЭ Рафаэль Гросі.

У панядзелак, 23 чэрвеня, Гросі зноў заклікаў дапусціць інспектараў да іранскіх ядзерных аб’ектаў, каб падлічыць запасы ўрану.

Звесткі разведкі і незалежных даследчых цэнтраў сведчаць аб тым, што Іран у апошнія гады мэтанакіравана дыверсіфікуе сваю праграму — размяркоўвае элементы ўзбагачэння па розных месцах. Гэта стварае сістэму «страховак», пры якой поўнае знішчэнне ўсёй інфраструктуры становіцца малаверагодным.

У апошнія гады Тэгеран разгарнуў каля 6000 цэнтрыфуг, многія з якіх застаюцца недаступнымі для інспектараў МАГАТЭ.

Каланг-Газ-Ла: глыбей, мацней, недасягальней

Эксперты Інстытута навукі і міжнароднай бяспекі лічаць, што Іран можа патаемна ўсталяваць тысячы цэнтрыфуг у новым тунэльным комплексе Каланг-Газ-Ла, што дазволіць працягваць узбагачэнне нават пасля знішчэння вядомых аб’ектаў. Пасля разбуральных удараў па іншых аб'ектах ён выглядае крэпасцю, да якой не даляцяць бомбы ЗША.

У адрозненне ад Фардо, які мае два тунэльныя ўваходы, падземны комплекс у Каланг-Газ-Ла мае як мінімум чатыры ўваходы (два на ўсходнім баку гары і два на заходнім), а сама гара ўзвышаецца на 1 608 метраў над узроўнем мора — значна вышэй за 960-мятровую гару, у якой размешчаны Фардо. Гэтая вышыня забяспечвае дадатковую абарону і дазваляе стварыць больш прасторныя падземныя памяшканні.

Паводле спадарожнікавых вымярэнняў, глыбіня падземных камер Каланг Газ Ла можа перавышаць 100 метраў — у той час як у Фардо не больш за 90 метраў.

Аналітыкі сцвярджаюць, што такая глыбіня амаль выключае магчымасць знішчэння комплексу нават з дапамогай самых магутных звычайных бомбаў, такіх як GBU-57, здольнай прабіць да 60 метраў зямлі.

У дадатак да глыбіні і ўмацаванняў, перыметр і сістэма тунэляў робяць немагчымым сцэнарый дыверсіі або аперацыі спецназа — падобных да тых, якія праводзілі ізраільскія сілы супраць «Хезбалы» ў Сірыі і Ліване. Іран, верагодна, ужо рыхтуецца да адбіцця такіх аперацый і ўласнай абароны.

Намеснік міністра замежных спраў Ірана Маджыд Тахт-Раванчы адхіліў сцвярджэнні пра тое, што Тэгеран гатовы адмовіцца ад сваёй ядзернай праграмы. У інтэрв’ю нямецкаму тэлеканалу ARD ён заявіў: «Ніхто не мае права ўказваць нам, што мы павінны рабіць, а чаго не».

Тым часам вакол новага падземнага комплексу на гары назіраецца актыўнае ўмацаванне бяспекі — гэта сведчыць пра тое, што Іран рыхтуецца неўзабаве ўвесці аб’ект у дзеянне.

У аўторак, 24 чэрвеня, прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон папярэдзіў, што рызыка спроб Ірана таемна ўзбагачаць уран павялічылася ўдвая.

Існуюць асцярогі, што Іран можа скарыстацца хісткім перамір'ем з Ізраілем менавіта для таго, каб стварыць ядзерную бомбу.

Чытайце таксама:

Ці ўдалося ЗША знішчыць галоўны Іранскі ядзерны бункер, пакуль не зразумела

Фардо — галоўны ядзерны аб’ект Ірана. Што пра яго вядома?

Трамп — Ірану і Ізраілю: Якога д'ябла яны гэта робяць?

Каментары да артыкула