«Ускладняюць працэс рэгістрацыі». Для запісу на польскія візы з'явіліся новыя патрабаванні
З'явіліся новаўвядзенні для тых, хто плануе атрымліваць польскую візу. Пры рэгістрацыі на сайце візавага цэнтра ўвялі абноўленую сістэму верыфікацыі, паведамляе тыкток-акаўнт «Наши в Польше». Гэта пацвярджае і экспертка Анастасія Лысакоўская. Выданне «Люстэрка» даведалася, што за новаўвядзенні і як яны адаб'юцца на карыстальніках.
Фота ілюстрацыйнае
Па словах Анастасіі Лысакоўскай, з 26 чэрвеня пры рэгістрацыі на сайце VFS стала неабходна загружаць не толькі фатаграфію асобы і разварот дакумента, але і здымак яго вокладкі. Акрамя таго, сістэма будзе фіксаваць колькасць уваходаў у асабісты кабінет.
Калі за непрацяглы час чалавек распачне запар пяць спробаў аўтарызацыі, ягоны профіль заблакуюць на некалькі гадзін. Гэта, адзначае візавая экспертка, можа стаць адной з перашкод, каб злавіць «акенца».
«Навошта рабіць фота вокладкі, не ведаю, бо зняць можна любую. Магчыма, пры верыфікацыі не будуць прымаць пацёртую галоўную старонку. А вось тое, што колькасць заходаў у асабісты кабінет сталі часова абмяжоўваць, — гэта для мяне відавочны мінус.
Напрыклад, чалавек не ведае, ці з'явіліся даты на падачу, і заходзіць у сістэму праверыць. Альбо ж запіс анансавалі, карыстальнік зайшоў, а раздачу затрымліваюць. У кожным з гэтых выпадкаў мы трацім спробу, не атрымліваючы вынік, — дзеліцца меркаваннем Анастасія Лысакоўская. — Да таго ж праз памылкі ў працы сайт можа проста «выкідаць» з кабінета. На маім вопыце, часта, каб запісацца, трэба ўвайсці ў яго не раз і не два».
На думку эксперткі, прычына новаўвядзення — барацьба з пасярэднікамі.
«Аднак новыя абмежаванні ўскладняюць працэс рэгістрацыі не толькі для агентаў, але і для звычайных заяўнікаў, — кажа суразмоўца. — Пры гэтым колькасці даступных месцаў на запіс больш не становіцца. Асноўная нагрузка па-ранейшаму прыпадае на Мінскую консульскую акругу, дзе запісацца вельмі складана — тэрміны чакання ўжо дасягаюць года».
Лысакоўская таксама адзначае, што ў пятніцу, 27 чэрвеня, калі раздавалі месцы для рэгістрацыі ў Гродзенскай консульскай акрузе, слоты падзялілі па часе.
27 чэрвеня ў Гродзенскай консульскай акрузе слоты на розныя катэгорыі віз раздавалі ў розны час. Скрыншот з сайта: visa.vfsglobal.com
Спачатку ішоў запіс на турыстычны «шэнген», потым на працоўныя візы, затым — на астатнія, напрыклад, гасцявыя.
Паведамленні аб даданні слотаў у Мінскай консульскай акрузе, куды ўваходзяць пункты ў Мінску, Гомелі, Магілёве. 23 чэрвеня 2025 года. Скрыншот: visa.vfsglobal.com
«Абвесткі аб з'яўленні дат для запісу былі і раней. Але калі тады паведамлялі, што пачынаецца рэгістрацыя на ўсе катэгорыі віз, то цяпер яны выкідваюць іх паступова, — адзначае суразмоўца. — Як гэта будзе працаваць далей і ці распаўсюдзіцца на іншыя рэгіёны, незразумела. Нядаўна раздавалі месцы на Мінскую консульскую акругу. Там проста было паведамленне пра «ўкід» у адзін час.
Чытайце таксама:
Лідар на Пірэнеях. З'явіўся «народны» рэйтынг устаноў, праз якія яшчэ можна атрымаць шэнгенскую візу
Яшчэ адна тэрыторыя стане даступнай праз шэнгенскую візу
Беларусы, што едуць у Сербію і Чарнагорыю, могуць трапіць у візавую пастку