БЕЛ Ł РУС

У Арменію не пусцілі былога расійскага сенатара Клінцэвіча — беларуса па паходжанні

28.06.2025 / 23:43

Nashaniva.com

Экс-сенатар расійскага Савета Федэрацыі Франц Клінцэвіч паведаміў, што яму адмовілі ва ўездзе ў Арменію. Паводле яго, у аэрапорце Ерэвана памежнікі без тлумачэння прычын праінфармавалі, што ён прызнаны неўязным.

Франц Клінцэвіч

Клінцэвіч адзначыў, што прыбыў у Арменію з прыватным візітам — сустрэцца з людзьмі, якія ўдзельнічалі ва ўсталяванні помніка ветэранам афганскай вайны. Паводле ягоных заяў, афіцыйных мерапрыемстваў ён не планаваў. Памежнікі, кажа ён, паводзілі сябе з ім карэктна.

Раней Клінцэвіч крытычна выказваўся наконт арышту армянскага бізнэсмена Самвела Карапецяна і звязваў гэта з унутрыпалітычнай сітуацыяй у Арменіі.

68-гадовы Франц Клінцэвіч — член вышэйшага савета партыі «Адзіная Расія», у мінулым — дэпутат Дзярждумы і сенатар ад Смаленскай вобласці. У 2018 годзе ён пакінуў Савет Федэрацыі, а ў 2020 — страціў статус сенатара.

Паводле паходжання Клінцэвіч — беларус з вёскі Крэйванцы Ашмянскага раёна. У гэтай каталіцкай вёсцы ён нарадзіўся, вырас і нават пару месяцаў працаваў у роднай школе настаўнікам фізкультуры, чарчэння i малявання. Пасля таго ж, як у 1975 годзе яго прызвалі ў армію, у Беларусь ён ужо не вярнуўся, а пасля распаду СССР зрабіў палітычную кар'еру ў Расіі. Ён цалкам падтрымлівае захопніцкую палітыку Пуціна, за што ўнесены ў розныя санкцыйныя спісы. 

Чытайце таксама:

У Арменіі затрымалі яшчэ аднаго епіскапа

У Арменіі арыштавалі архіепіскапа і яшчэ 16 змоўнікаў

У Арменіі заявілі пра прадухіленне спробы захопу ўлады

Нікол Пашынян запрасіў Каталікоса ўсіх армян асабіста пераканацца, што ён не рабіў абразання

Мільярдэра Самвела Карапецяна абвінавацілі ў закліках да захопу ўлады ў Арменіі

Каментары да артыкула