БЕЛ Ł РУС

«Занадта добры». Айцішнікі прыкідваюцца менш дасведчанымі, каб атрымаць працу ў крызіс

1.07.2025 / 10:57

Nashaniva.com

Дызайнер дзеліцца назіраннем, што «шмат кандыдатаў заніжаюць свой досвед у рэзюмэ», каб не атрымаць адмову. «Ці можна ўявіць такое ў іншых сферах? Кіроўцы, дактары, сантэхнікі — хто заўгодна. Скажыце, калі ласка, што гэта няпраўда!» — завяршае свой пост аўтар.

Пад допісам 300+ каментароў, многія пацвярджаюць. Так, адной карыстальніцы «прамым тэкстам сказалі», што трэба заніжаць досвед, піша Devby.io.

— Я пакуль не разумею, што з гэтым рабіць і як «заніжаць» досвед, таму што акрамя CV у мяне ёсць яшчэ [профіль у] LinkedIn і куча іншых сэрвісаў, дзе ўсё напісана, як ёсць. Калі я распавядаю пра свой досвед, ён [аповед] таксама выдае. Ды і хлусіць неяк не хочацца.

Іншая спецыялістка піша, што «прыйшлося выдаліць са свайго досведу год у якасці ліда, каб перастаць атрымліваць «оверкваліфайд». І спрацавала».

Яшчэ адзін спецыяліст кожны раз «выразае з CV лішнія кейсы», каб не пачуць, што ён занадта добры для працадаўцы. 

— Было, пасля парачкі адмоў. Эйчары хочуць [наняць] дасведчанага і ўсёведаючага [кандыдата], але не вельмі дасведчанага і ўсёведаючага.

Камусьці прыйшлося выдаліць з рэзюмэ радок, што ў яго ёсць навуковая ступень, а хтосьці «некалькі гадоў выдаліў — і ўсё яшчэ оверкваліфайд».

«Зразумела, што ён прыйшоў «перасядзець», пакуль шукае нешта лепшае»

У каментарах адзначыліся рэкрутары і менеджары. Яны тлумачаць, што часам працадаўцы не ў стане або проста не хочуць наймаць дарагога спецыяліста — таму не разглядаюць тых, у каго досвед 5-15+ гадоў, хай нават у гэты канкрэтны момант кандыдаты не супраць атрымліваць менш. 

«Але ў рэшце рэшт, яму [кандыдату з вялікім досведам] стане сумна», — упэўнены каментатары (і такіх адказаў нямала). 

Таксама карыстальнікі дадаюць, што каманду важна сфармаваць «з супрацоўнікаў супастаўляльнага ўзроўню, каб не парушаўся баланс і іерархія». 

— …Калі чалавеку патрэбен падмайстар, ён не возьме майстра: з ім будзе дыскамфортна, бо для яго ты не будзеш аўтарытэтам. І зразумела, што ён прыйшоў «перасядзець», пакуль шукае нешта лепшае, і хутка сыдзе.

— Кірую рэкрутментам 20 гадоў. Так, гэта праўда, але справа не ў гадах досведу, а ў яго маштабе і ўзросце. 

Калі вы кіравалі камандай у 100 чалавек, то вас будуць вельмі неахвотна разглядаць на каманду нават у 60 чалавек. Калі ваш патэнцыйны кіраўнік маладзейшы за вас, то шанцы рэзка падаюць. Калі па рэзюмэ вы маглі б прэтэндаваць на ролю вашага патэнцыйнага кіраўніка (гэта значыць аб’ём задач і адказнасці на папярэдніх месцах дастатковы для яго/яе ролі), то шанцы рэзка падаюць. Нарэшце, калі вы знаходзіліся ў адной ролі (не кампаніі) больш за 5 гадоў — гэта дрэнны знак: дадатковага досведу ўжо не дадаецца, а гады і запыты растуць — [а значыць] «Давайце возьмем маладога, не выгаралага, з аналагічным досведам». Гэта ўсё, вядома, абагульненні, у рэальным свеце вельмі шмат выключэнняў.

«Магчыма, сыду, калі атрымаю дзе-небудзь яшчэ прапанову. Але яе няма»

Мы таксама знайшлі некалькі чалавек, якія скручвалі досвед у рэзюмэ (або ім раілі), каб атрымаць працу.

Ала*, франтэнд-распрацоўшчыца, у ІТ — 7+ гадоў:

— Я наўмысна «занізіла» свой досвед, каб знайсці працу — выкрэсліла з рэзюмэ некалькі гадоў, на працягу якіх вяла каманду. 

Справа была так: мы з мужам пераехалі ў Польшчу — а праз пару гадоў разышліся. І далей «кожны сам за сябе», — так мне сказаў ужо былы муж. Праз яшчэ нейкі час я засталася без працы. А ў нас дачка — і яе трэба карміць, і за здымную кватэру плаціць. 

Я стала шукаць новую працу, але прапаноў не было. Вырашыла вярнуцца дадому — у Мінску свая кватэра, ужо мінус адна праблема. Плюс я знайшла невялікую падпрацоўку на фрылансе на пару месяцаў — у Беларусі ўжо не прапалі б. 

З пошукам працы не шанцавала — альбо ігнор, альбо адмовы. У адным месцы сказалі: «вы оверкваліфайд для нас», у іншым — «вам будзе нудна, і вы хутка сыдзеце». Эйчара бянтэжыла, што ў мяне не будзе матывацыі затрымацца ў кампаніі. У мяне дачка, якую я выхоўваю адна, — гэта не матывацыя, па-вашаму? 

У рэшце рэшт я занізіла свой досвед, як мне параіў адзін добры знаёмы — і атрымала офер. Так, я магу больш і лепш, і, магчыма, сыду, калі атрымаю дзе-небудзь яшчэ прапанову на класных умовах. Але яе няма, а я ўжо паўгода адпрацавала ў гэтым месцы (і працягну далей). Прычым працую я добра, а значыць — я карысная для кампаніі, яна толькі ў плюсе ад таго, што ўзяла мяне.

«Звярталася да кар’ернага кансультанта, і ён параіў «забыць гадоў 7»

Аркадзь (тут і далей імёны змененыя дзеля бяспекі), прадуктовы і UX/UI-дызайнер, у ІТ 15+ гадоў:

— Я дызайнер — прадуктовы і UX/UI, досведу ў мяне — 15+ гадоў. Зараз шукаю працу, але пакуль безвынікова. Звярталася да кар’ернага кансультанта, і ён параіў «забыць гадоў 7», каб атрымаць офер, хаця б як мідл — і пачаць працаваць. 

«Кожны месяц прастою абыдзецца табе даражэй — сціш апетыты, а там, глядзіш, і нешта яшчэ знойдзеш», — сказаў ён. А я не хачу і не магу так! Таму пакуль шукаю, рэзюмэ не «чысціла». 

«Даўно ўжо складаю асобнае рэзюмэ пад кожную вакансію»

Сяргей, інжынер-праграміст, у ІТ каля 25 гадоў:

— Я прыйшоў да таго, што даўно ўжо складаю асобнае рэзюмэ пад кожную вакансію. 

Гляджу: ага, з гэтымі тэхналогіямі я 3 гады працаваў, а тут у мяне 10 гадоў досведу. Раз-раз — падняў наверх усё, што рэлевантна ў дадзеным канкрэтным выпадку, а астатняе ўніз, калі месца хопіць. А нешта «старое» і непатрэбнае магу і не дапісваць — ну, проста каб рэзюмэ не пераўтварылася ў прасціну, бо я ў ІТ з пачатку нулявых.

І што ў выніку — я нахлусіў у рэзюмэ? Не. Занізіў свой досвед? Таксама не. Проста такі падыход. Дарэчы, заўважу яшчэ: калі выкарыстоўваць фармулёўкі, якія дадзены ў апісанні вакансіі, — эйчары будуць задаволены. «Гэта стопрацэнтны мэтч», — неяк сказала мне адна. Я пра сябе пасмяяўся: вядома, слова ў слова вашае апісанне ж.

Чытайце таксама:

«Эміграцыя адабрала ўсё». Айцішнікі незадаволены новай якасцю жыцця

«Яшчэ дзень і збіраў бы манаткі». Звольнілі ў Нідэрландах — на пошук працы 2,5 месяцы. Гісторыя аднаго дэдлайна

«Беларусь здаровага чалавека» не падыходзіць». Чаму і куды айцішнікі з'язджаюць з Польшчы

Беларускія айцішнікі з'язджаюць з Літвы? Як змяняецца колькасць беларусаў у Літве па тыпах ДНЖ

Каментары да артыкула