«Эміграцыя адабрала ўсё». Айцішнікі незадаволены новай якасцю жыцця
Чатыры гісторыі айцішнікаў, якія пераехалі ў Грузію, Польшчу, Чэхію і Літву — і лічаць, што страцілі ў якасці жыцця, прыводзіць Devby.io.

Паводле даных свежага даследавання індустрыі (апрацоўваюцца вынікі на базе 1138 анкет), 19,8% удзельнікаў-рэлакантаў лічаць, што эміграцыя паўплывала на іх узровень і якасць жыцця негатыўна (56.8% — пазітыўна, 28,9% — не заўважылі істотных перамен, і 2,5% пакуль не зразумелі).
Журналісты паразмаўлялі з айцішнікамі, якія расчараваныя жыццём пасля пераезду. Хтосьці незадаволены тым, што прыйшлося адмовіцца ад таксі і барбершопаў «як паўсядзённых паслуг», хтосьці лічыць, што страціў увогуле ўсё.
Грузія
«Эміграцыя адняла ў мяне ўсё»
Віктар, на момант рэлакацыі супрацоўнік EPAM:
— Мы з сям’ёй (жонка і двое дарослых дзяцей) рэлакаваліся ў пачатку сакавіка 2022-га — як толькі змаглі знайсці квіткі. Гэта было праблематычна, бо трэба было купіць чатыры квіткі разам, а ў нас не было асаблівых зберажэнняў — усё ўкладвалі ў дом (Сям’я больш не можа юрыдычна распараджацца домам у Беларусі. — рэд). Прыйшлося ехаць транзітам праз Маскву да Уладзікаўказа, затым трансфер у Батумі.
Першыя чатыры месяцы ў Батумі жылі ў гасцявым доме — здымалі пакой за 900 даляраў. Гэта быў стары цёмны пакой, хоць у цэлым гаспадары гестхаўса былі прыемнымі людзьмі. У тым пакоі, дзе можна было ўперціся каленямі, калі сесці адзін насупраць аднаго, мы пражылі ўчацвярых чатыры месяцы. Але больш мы пакутавалі нават не ад гэтых умоў, а ад дэпрэсіі, якая накрыла ў эміграцыі.
На той момант я працаваў у EPAM. Кампанія абяцала аплаціць рэлакацыю, але па факце ўсё зацягвалася. У выніку я напісаў кіраўнікам, што калі мне не дапамогуць фінансава, прыйдзецца жыць пад мастом. Бо рэлакацыя — гэта было патрабаванне кампаніі. Грошы мне выплацілі, але ў моманце было вельмі цяжка — я прасіў сяброў дапамагчы фінансава.
Пасля гестхаўса на паўтара года мы пераехалі ў аднапакаёвую кватэру. Тут гэта называецца адзін плюс адзін, гэта значыць адна спальня і адна зала. Мы з жонкай жылі ў спальні, дзеці — у зале. Потым была яшчэ нейкая колькасць пераездаў.
Толькі нядаўна мы арандавалі дом, наблізіўшыся да ўмоў, якія ў нас былі ў Мінску. Але ўсё ж гэта арэнднае жыллё, а не сваё.
Ксенафобія ў школах і банках
У Грузіі асобнае пекла для прыезджых з дзецьмі. Дачку ўзялі без праблем у школу побач з домам, паколькі яна нарадзілася ў Беларусі. А сына не ўзялі. Сказалі, што «ён у вас рускі, у нас для яго няма месца». Справа ў тым, што ён нарадзіўся ў Расіі, калі мы былі там некаторы час. Таму сына прыйшлося вазіць у Чакві — гэта такі пасёлак паміж Батумі і Кабулеці. Да яго ў той школе ставіліся добра, былі выдатныя настаўнікі, але туды трэба было ехаць праз заторы паўтары гадзіны ў адзін бок пры любым надвор'і. Гэта значыць гэта фактычна мінус тры гадзіны жыцця.
Але больш нас не бралі нікуды, хоць мы ўсюды хадзілі, прапаноўвалі грошы ў платную школу, мы прайшлі праз усё. Нам адмовілі літаральна ўсюды.
Ксенафобію мы адчувалі і на сабе. Часам мне нават крычалі ў спіну: «Акупант!» Ну, гэта я нават не лічу… Неяк я зайшоў у адзін з філіялаў банка. У мяне былі ўсе дакументы на руках, я быў афіцыйна працаўладкаваны ўжо ў грузінскім філіяле сваёй кампаніі. На ўваходзе я спытаў у ахоўніка: «Дзе я магу аформіць картку?» А ён мне: «Рускі ваенны карабель, пайшоў *****». Хоць я беларус. Ну, павярнуўся, усміхнуўся, пайшоў у іншы банк.
Мая жонка таксама спрабавала адкрыць картку ў некалькіх банках, спрабавала аплаціць афіцыйныя пошліны, калі аддавалі дзяцей у школу. Першая спроба аплаціць пошліны заняла пяць гадзін. Гэта пры тым, што з ёй быў наш таварыш, які размаўляў свабодна на грузінскай. І ўсё роўна ёй у выніку не аформілі карту. Прыйшлося пайсці ў іншы банк, дзе ўжо да яе паставіліся з разуменнем і за 20 хвілін аформілі цалкам усё. Гэта быў Credo Bank.
«Ты фактычна пачынаеш з нуля»
На момант рэлакацыі я працаваў у EPAM, потым выгарэў і зараз працую на міжнародную кампанію крыху паменш.
Калі я шукаў працу, яшчэ не было такога крызісу ў ІТ. Зараз, вядома, не ўяўляю, як людзі мяняюць працу, таму што… Скажам так: калі хтосьці з хлопцаў піша, што патрэбны грошы, я не адмаўляю.
У эміграцыі ты фактычна пачынаеш з нуля, таму што сацыяльных сувязяў няма, грузінская — цяжкая для вывучэння. Я некалькі разоў рабіў спробу, але складана нават з пункту гледжання вымаўлення, вакабуляра. І ў першую чаргу ў эміграцыі ты губляеш ілюзіі.
Толькі пераехаўшы на трэцюю кватэру, праз амаль два гады, мы пачалі выбірацца з дэпрэсіўнага стану. І калі для мяне не так страшна згубіць два гады жыцця, то для дзяцей гэта два гады юнацтва, якія не вернеш. Жонка таксама цяжка ўсё перажывае. Усе гэтыя ўзаемадзеянні са школай і ксенафобіяй. Тым не менш, мы выбралі Грузію, а не Еўропу.
Адзін працэнт падаткаў у Грузіі для рэзідэнтаў дае хоць нейкі шанец купіць тут жыллё і зрабіць зберажэнні. Таму што падатак 24% у Іспаніі альбо ў раёне 20% у Польшчы ці на Кіпры плаціць прыйдзецца — нікуды не дзенешся. А гэта прыкладна якраз тая колькасць грошай, якія я магу адкладваць. Гэта значыць зэканомленыя падаткі я адкладваю, каб калі-небудзь дазволіць сабе кватэру. Кошт студыі ў вялікіх гарадах Грузіі пачынаюцца ад 60 тысяч даляраў.
Мая зарплата сёння крыху больш за 6 тысяч даляраў, але і выдаткі вялікія. Арэнда забірае 1200 даляраў плюс камуналка. На ежу сыходзіць каля 1500 даляраў у месяц на сям’ю, выдаткі на сувязь, транспарт, медыцыну. А яшчэ хочацца купіць прыгожае адзенне, кудысьці схадзіць. Навучанне дзяцей — каля 2 тысяч даляраў у семестр. Плюс дачка вучыцца вакалу — гэта яшчэ 700 даляраў у месяц. Вольных грошаў застаецца не так шмат, улічваючы, што я адзіны карміцель у сям'і.
У Беларусі ж у нас быў уласны дом, зарплата каля 4 тысяч даляраў, але за гэтыя грошы мы маглі дазволіць сабе ўсё. Сёння ўсё гэта адняла эміграцыя.
Польшча
«Кожны месяц у нас «каля нуля» — не атрымліваецца назапашваць»
Валерый, тымлід:
— З Беларусі наша сям’я з’ехала ў 22-м годзе ў Варшаву. Так атрымлівалася, што кампанія, дзе працавала жонка, перавезла супрацоўнікаў у Варшаву. Потым я таксама знайшоў тут працу.
Летам 2023 года мы з жонкай трапілі пад скарачэнне. Працу прыйшлося шукаць хутка і пагаджацца на тое, што прапаноўвалі.
У выніку даход паменшыўся амаль у два разы ў параўнанні з тым, што было ў Беларусі. Груба кажучы я зарабляў 4 тысячы даляраў, а стаў — дзве. У жонкі тое ж самае. Выдаткі пры гэтым моцна выраслі, бо ў эміграцыі ў нас нарадзілася дзіця. Толькі на няню ў месяц сыходзіць 1600 еўра або 40 злотых у гадзіну. Па сутнасці гэта амаль уся мая зарплата.
На камуналку — яшчэ 400 еўра. На ежу — 1200 еўра. На бензін — 200 еўра. Раней у нас было дзве машыны, але зараз адмовіліся ад адной — проста няма неабходнасці кудысьці ездзіць. Ну і еўра 400-500 — гэта дзецям штосьці купіць, калі доктар тэрмінова патрэбны або нешта зламаецца. На адпачынак амаль не ўдаецца адкладваць.
Жывём ва ўласнай кватэры — паспелі прадаць нерухомасць у Беларусі і купіць у Польшчы. Кожны месяц у нас «каля нуля» — не ўдаецца рабіць зберажэнняў. Гэта не камфортна. Калі трэба лішні раз да доктара або выклікаць сантэхніка, разумееш, што ўжо сыходзіш у мінус. Не атрымліваецца з’ездзіць у адпачынак, не задумваючыся над выдаткамі. У Беларусі на ежу плюс/мінус сыходзіла столькі ж грошай, як і зараз у Польшчы. Але на адпачынак мы не збіралі — у нас заўсёды было дастаткова грошай на рахунку.
Акрамя таго ёсць і нематэрыяльныя фактары, у якіх прасядаеш. У Беларусі ў нас было шмат сяброў, мы выязджалі на лецішча, я гуляў у футбол пару разоў на тыдзень са сваёй камандай. Гэтых людзей я ведаў па 10-15 гадоў. Тут гэтага не хапае. Вядома, у Польшчы таксама гуляюць у футбол, я нават далучаўся да рандомных камандаў, але потым закінуў. Гуляць з незнаёмымі людзьмі — гэта іншае. Ну і дзіця стала патрабаваць шмат часу.
Што тычыцца ксенафобіі, то не магу сказаць, што гэта часта, але бывае. Некаторыя паказваюць сваю незадаволенасць, размаўляюць з пагардай. Хоць мы вывучылі мову на базавым узроўні, усё роўна чуваць, што мы прыезджыя.
Нягледзячы на цяжкасці, эміграцыя згуртавала нашу сям’ю. Мы адчулі, што ў нас больш нікога няма акрамя адзін аднаго.
Чакаю адлігі, каб вярнуцца (зрабіў 5 гадоў таму данат), хоць разумею, што і там з працай так добра, як было да 2022, не будзе.
Чэхія
«Прыйшлося адмовіцца ад таксі і барбершопаў як паўсядзённых паслуг»
Яўген, Data Scientist:
— Я з’ехаў з Беларусі ў Чэхію ў пачатку 2022 года па палітычных прычынах. Паспеў яшчэ да вайны — было зразумела, куды ўсё ідзе. Да таго ж даўно было жаданне паспрабаваць сябе ў Еўропе. EPAM надаў такую магчымасць. Потым у кампаніі пачаліся цяжкасці, былі скарачэнні і прыйшлося мяняць працу.
Мясцовы рынак Чэхіі даволі сціплы ў гэтым сэнсе. Гэта значыць нейкіх высокіх зарплат чакаць не варта было ні тады, ні зараз. Але ў цэлым, ведаючы англійскую мову, у Празе працу знайсці можна без ведання чэшскай — гэта з плюсаў. З мінусаў — іншая працоўная культура, атмасфера. У кампаніі, дзе я пачаў працаваць, экспаты трымаліся асобна ад мясцовых.
Я вяду блог і вядомы ў мясцовым ІT-кам'юніці — распавядаю пра досвед сумоўяў. Прайшоў вельмі шмат [сумоўяў] за апошнія паўгода.
Магу сказаць, што ў Чэхіі ніколі не было беспрацоўя, але быў іншы момант — невысокія заробкі.
У 2025 годзе стала лепш, бо сюды актыўна пераносяць офісы амерыканскія і брытанскія кампаніі, скарачаючы выдаткі. Для працадаўцаў Чэхія — гэта добры middle ground, гэта значыць літаральна добры кампраміс паміж індыйскім коштам і амерыканскай якасцю. Таму ў плане перспектыў стала лепш.
У Беларусі я зарабляў каля дзвюх тысяч даляраў і жыў у арэндным жыллі. Здыманне кватэры забірала чвэрць даходу. У Еўропе заробак вырас спачатку да трох тысяч еўра, потым да пяці. Але і выдаткі таксама выраслі. Арэнда жылля ў Празе — гэта траціна майго даходу. Чаканні былі, што за гэтыя грошы можна дазволіць сабе штосьці бліжэй да цэнтра Прагі, але рэальнасць такая, што прыйшлося здымаць на ўскраіне.
Яшчэ траціна зарплаты сыходзіць на забавы і нейкія базавыя паслугі тыпу барбершопаў. Да таго ж прыйшлося прайсці праз крызіс сацыялізацыі, адмовіцца ад дастаўкі, таксі і барбершопаў як паўсядзённых паслуг.
У 2025 годзе ўмоўна 5 тысяч еўра чыстымі тут, у Празе, эквівалентна ўзроўню жыцця, які быў на 2 тысячы даляраў чыстымі ў Мінску ў 2022 годзе.
Але сёння я змог выйсці на добры даход, каб нівеліраваць розніцу паміж краінамі за кошт павелічэння сваёй экспертнасці.
Літва
«Калі б я страціў працу, грошай хапіла б максімум на месяц арэнды»
Антон, тэсціроўшчык:
— У 2022 годзе мы з жонкай пераехалі з Беларусі ў Вільню. Гэта здавалася добрай магчымасцю: мая зарплата вырасла з пераездам, а да моманту вяртання яна амаль у два разы перавышала даход, які я атрымліваў у Беларусі. Аднак па факце ўзровень жыцця не падвысіўся, хутчэй, наадварот.
Здыманне кватэры абыходзілася ў 2-3 разы даражэй, чым у Мінску. Кошты на прадукты былі такімі ж, толькі ў еўра: калі ў Мінску піва каштуе 2 рублі, то ў Вільні — 2 еўра. Паслугі — у сярэднім даражэй у 2-3 разы. Нягледзячы на падвышэнне заробку, адкладваць практычна не ўдавалася. Амаль кожны месяц прыходзілася лезці ў назапашванні, якія былі прывезены з Беларусі. Я перастаў весці бюджэт, каб не расчаравацца — да гэтага запісваў кожную капейку даходу/расходу.
У жонкі ўзніклі складанасці з працаўладкаваннем — яна доктар па адукацыі. Каб працаваць па спецыяльнасці, трэба было здаваць экзамены, ў тым ліку на веданне літоўскай мовы на ўзроўні не ніжэй за B2. Мы спрабавалі вучыць мову, але гэта аказалася складана.
У выніку мы былі ў пастаянным стрэсе з-за нестабільнасці. Бо калі б я страціў працу, грошай хапіла б максімум на месяц арэнды, а далей — невядомасць. Планаваць будучыню ў такіх умовах немагчыма. Пакупка кватэры або машыны нават не разглядалася, асабліва ўлічваючы складанасці з атрыманнем ДНЖ. Сёння дакументы далі, а заўтра іх могуць забраць.
Стаўленне да мігрантаў моцна памянялася. Спачатку яно было добразычлівым. Я заўсёды ўдакладняў, ці гаворыць суразмоўца на рускай або англійскай — праблем не ўзнікала. Напрыклад, у першы год жыцця ў Вільні хадзіў у краму і мне адказвалі: «Тут усе гавораць па-руску, можна не пытацца».
Але ўжо праз два гады, заходзячы ў тую ж краму і нешта пытаючыся, сутыкаўся са спектаклем: людзі качалі галавой і адказвалі на літоўскай, даючы зразумець, што пераходзіць на рускую не збіраюцца. У цэлым адчувалася, што стаўленне да рускамоўных стала значна халаднейшым.
Пры гэтым бытавых абмежаванняў мы не адчувалі: нармальна харчаваліся, маглі дазволіць сабе схадзіць у кавярню на выходных. Пытанняў і прэтэнзій да маёй кампаніі няма. Зарплата была сярэдняй па Літве, але і перспектыў рэзка павялічыць даход я не бачыў. Рызыкаваць стабільнасцю і нервамі дзеля патэнцыйных +500 еўра сэнсу не было.
Мы доўга ўзважвалі ўсе «за» і «супраць» і прыйшлі да высновы, што вяртанне ў Беларусь — найбольш разумны крок. Да таго ж падыходзіў тэрмін, калі жонцы трэба было пацвярджаць медыцынскую адукацыю з-за перапынку ў працы.
Мы таксама разглядалі пераезд у Польшчу — у асноўным з-за больш простай для вывучэння мовы. Я адгукаўся на вакансіі, але атрымаў усяго адзін-два адказы і адно сумоўе па рэфералцы. Узважыўшы сітуацыю, мы прыйшлі да высновы, што ў Польшчы, хутчэй за ўсё, прыйдзецца сутыкнуцца з тымі ж праблемамі, што і ў Літве: высокі кошт жыцця, неабходнасць зноў праходзіць усе бюракратычныя працэдуры, працяглы і стрэсавы працэс адаптацыі на новым месцы. Плюс працяглы час на пошук працы і афармленне дакументаў. У выніку адмовіліся ад гэтай ідэі.
Вядома, пры вяртанні ў Беларусь былі апасенні наконт бяспекі, але не моцныя — у 2020 годзе я жыў не ў Мінску, а ў невялікім горадзе. Не было асабліва пра што хвалявацца, але пры перасячэнні мяжы з вялізнай колькасцю рэчаў у нас, вядома, пацікавіліся адкуль, чаму і навошта.
Але ў цэлым усё спакойна: трывожнасць сышла. Мы пакуль што не плануем новы пераезд, хіба што падарожнічаць. Адзінае — пры ўладкаванні жонкі на дзяржаўную працу была гутарка з прадстаўнікамі пэўных структур.
Ад рэдакцыі: Антон палічыў вяртанне ў Беларусь бяспечным для сваёй сям'і, але яго гісторыя — не мануал, а прыклад ацэнкі рызык у канкрэтным выпадку. Нагадаем, медыя перыядычна паведамляюць пра затрыманні пасля перасячэння мяжы. Верагодна, праваабаронцы і медыя фіксуюць не ўсе падобныя выпадкі.
Цяпер чытаюць
Стаў героем Магілёўскага ўнівера, збіраў фальклор, працаваў на беларусізацыю садкоў — расказваем пра Яўгена Бойку, асуджанага за салідарнасць з палітвязнямі

Каментары
На камуналку — яшчэ 400 еўра. На ежу — 1200 еўра. На бензін — 200 еўра. Раней у нас было дзве машыны, але зараз адмовіліся ад адной — проста няма неабходнасці кудысьці ездзіць
Статья о выживании и потери всего, а фактически троллинг эмигрантов