Спрасцілі правілы будаўніцтва аб'ектаў, прызнаных важнымі для рэгіёнаў
Цяпер мясцовыя органы ўлады — аблвыканкамы і Мінгарвыканкам — могуць, па ўзгадненні з урадам, самастойна вызначаць асаблівасці праектавання і будаўніцтва першачарговых для іх аб’ектаў. Адпаведны ўказ падпісаў Аляксандр Лукашэнка.
Здымак ілюстрацыйны. Фота: Мінскбуд
Напрыклад, мясцовым органам улады дазволена адначасова распрацоўваць праектную дакументацыю і весці будаўнічыя работы, а таксама сумяшчаць этапы выбару месца для будаўніцтва, даследчыя работы і распрацоўку праекта.
Акрамя таго, указ дазваляе не кампенсаваць страты сельскай і лясной гаспадаркі пры выдзяленні зямлі пад будаўніцтва, а знос зялёных насаджэнняў можна ўзгадняць без выплаты кампенсацый.
Дазваляецца таксама закупляць усё неабходнае для будаўніцтва (праекты, тавары, работы ці паслугі) у аднаго пастаўшчыка без правядзення конкурсаў.
Мясцовыя саветы дэпутатаў змогуць самі вырашаць, ці патрэбныя грамадскія абмеркаванні па канкрэтных праектах.
Таксама ўказ уводзіць персанальную адказнасць чыноўнікаў за неналежнае выкананне гэтых новых паўнамоцтваў.