«Я быў у такой дупе, але паглядзіце на мяне». Стаўкі давялі беларуса да дна — ён расказвае, як выбраўся назад
У кастрычніку 2024-га стэндапер Цярэнцій Марыніч прыйшоў у адну са клінік польскага Шчэціна з моцнай дэпрэсіяй, гульнявой залежнасцю і даўгамі. Цяпер ён расказаў «Нашай Ніве» пра свой шлях на дно і тое, як нанава збірае жыццё па кавалках.
Фота: архіў суразмоўцы
«У мяне ўжо няма эмоцый — маўляў, я выйграў кучу бабла, здорава. Гэта проста звычка»
Усё пачалося, яшчэ калі Цярэнцій быў падлеткам. Гадоў з дзесяці ён захапіўся праглядам спорту — сачыў за футболам і хакеем. Хлопец кажа, было толькі пытаннем часу, калі ён апынецца ў букмекерскай канторы.
Той дзень надышоў у 2004-м, калі Марынічу было прыкладна 14-15 гадоў. Ішоў чэмпіянат Еўропы па футболе, і хлопец разам з сябрамі зрабіў сваю першую стаўку з кішэнных грошай.
З 2014-га Марыніч пастаянна прымаў удзел у спартовых таталізатарах:
«Калі ў цябе стабільная праца, стабільны заробак і ўвогуле ўсё нядрэнна, то гэта лёгка хаваць. Алкаголіка ці наркамана прасцей пазнаць — выдае пах, паводзіны. А калі ў цябе залежнасць ад гэмблінга, родныя могуць нічога не разумець гадамі».
Хлопец тлумачыць, што ніколі не меў залежнасці ад казіно, яго праблема — менавіта стаўкі. Як і ў дзяцінстве, ён любіць сачыць за спортам, і гэта ўжо зрабілася для яго звычкай: напрыклад, прачнуўся і паглядзеў, як там згулялі ў НБА.
Адчуванні ад ставак Цярэнцію цяжка апісаць:
«Гэта як стыль жыцця. Я заўсёды гляджу тэніс, ведаю, хто найлепшыя гульцы ў свеце і як у іх справы. Напэўна, табе здаецца, што ты можаш на дыстанцыі яшчэ і зарабіць на гэтым.
Было б няблага, каб зарабляць, адкрыць нейкі блог ці запісваць агляды на стадыёны. Але ў мяне ёсць жаданне знайсці перавагу над букмекерскай канторай. У мяне ўжо няма нейкіх эмоцый — маўляў, я выйграў кучу бабла, здорава. Гэта проста звычка, як выкурыць цыгарэту».
Гэтая звычка з цягам часу пачала псаваць яму жыццё. Яшчэ ў Беларусі Цярэнцій двойчы ляжаў у псіхіятрычных клініках: у адным выпадку гэта здарылася пасля спробы самагубства, у іншым — калі хлопец пачынаў планаваць суіцыд. Абодва разы праблемы пачыналіся, калі Цярэнцій набіраў шмат даўгоў праз любоў да гэмблінгу.
Фота: архіў суразмоўцы
З бальніцы, кажа ён, атрымлівалася выйсці ў больш стабільным псіхічным стане, і з дапамогай родных паціху даваць рады даўгам. Але ў Беларусі гаворка ішла пра нязначныя сумы, цяпер жа Марыніч вінны тысячы даляраў.
«Мой бацька-нябожчык быў алкаголікам. Я не алкаголік, магу спакойна пайсці папіць піва з сябрамі і спыніцца, а мой бацька не мог. І гэта вельмі рандомна, невядома, з чым табе не пашчасціць. Ёсць шмат людзей, якія не могуць кінуць курыць, няма ў іх сілы волі.
Калі ты ўвогуле не спрабаваў гуляць у таталізатары, казіно ці нешта такое, лепш і не спрабаваць. Шанс, што ў цябе будзе цяжкая залежнасць, невялікі, але калі яна ў цябе з’явіцца, гэтая цяга ў цябе ніколі не знікне. Да пэўнай кропкі ты зможаш сябе кантраляваць, але ты не будзеш ведаць, калі спыніцца».
Хлопец разумее, што ў доўгатэрміновым плане ён гуляе моцна ў мінус. Але, кажа, здаецца, што на кароткай дыстанцыі можна нешта выйграць.
Калі чалавек залежны ад алкаголя ці наркотыкаў, яму, лічыць Цярэнцій, трохі прасцей даць рады — бо калі ў цябе не будзе гэтых рэчываў, ты будзеш вымушаны спыніцца. А вось грошы ў цябе будуць заўсёды, і калі ты залежны, занясеш іх да букмекераў.
«Пасяджу, згублю яшчэ нешта, прадам тэлефон ці ноўтбук. А калі ўжо нічога не будзе, пайду і скінуся з даху»
У маі 2022-га Цярэнцій апынуўся ў Польшчы. З Беларусі ён з’ехаў за год да гэтага пасля 45 сутак арышту — іх Марыніч атрымаў за тое, што здымаў на відэа праўладны мітынг. Спачатку прыехаў у Грузію, потым ва Украіну, а пасля пачатку поўнамаштабнай вайны перабраўся ў Польшчу.
Пакінуць залежнасць у Беларусі не атрымалася. Больш за тое, у замежжы ўсё абвастрылася:
«Калі ты ў Беларусі, у цябе ўсё стабільна, ты маеш кватэру, і па грошах гэмблінг не так моцна б’е. А калі ты тут… Я не планаваў такога пераезду, жыў ад заробку да заробку. З’яўляюцца праблемы з працай, з асабістымі адносінамі, трапляеш у дэпрэсію. І ты зноў і зноў вяртаешся да сваёй дрэннай залежнасці».
На радзіме хлопец быў дырэктарам па маркетынгу ў ІТ-кампаніі. У эміграцыі давялося шукаць сабе новае месца, і Цярэнцій пайшоў працаваць кантэнт-менеджарам.
Фота: архіў суразмоўцы
А паралельна з гэтым ён развіваўся ў хобі. Яшчэ ў Беларусі Марыніч пачаў займацца стэндапам на англійскай мове і падчас першага года ў эміграцыі здолеў арганізоўваць невялікія канцэрты, што прыносіла трохі грошай у дадатак да заробку.
Але з працай давялося развітацца — Цярэнцій кажа, што ў кампаніі былі незадаволеныя яго прадуктыўнасцю. Здавалася, праз пару месяцаў ён лёгка знойдзе сабе новае месца, але ж насамрэч на гэта спатрэбілася два гады.
«Стэндап нейкія грошы прыносіў, але з маім узроўнем медыйнасці наіўна было лічыць, што на гэтыя грошы можна жыць. Падчас тура я пазнаёміўся з дзяўчынай, мы з ёй з’ехаліся, але доўга разам не прабылі. У яе было ўсё стабільна з фінансамі, у мяне — не вельмі, я не мог садзіцца ёй на шыю», — успамінае стэндапер.
Ён шукаў выратаванне ў старой звычцы — стаўках:
«Дзеля адпачынку я заўсёды ставіў, гэта былі невялікія грошы. Калі ты дзень працуеш, увечары ў цябе стэндап, ёсць дзяўчына, ёсць з кім пагаварыць, тады гэмблінг адыходзіць на другі план.
А калі ты губляеш працу, радзіму, табе няма чым займацца, ад цябе сыходзіць дзяўчына, ты кажаш сабе: пайду гуляць, што яшчэ рабіць. Усё і так блага, дык навошта мне змагацца і нешта будаваць, буду сябе закопваць. Пасяджу, згублю яшчэ нешта, прадам тэлефон ці ноўтбук. А калі ўжо нічога не будзе, пайду і скінуся з даху».
Калі ты ўжо мысліш такім чынам, вельмі цяжка ад гэтага адмовіцца, кажа Цярэнцій, асабліва без знешняй дапамогі. Яму самому дапамагло толькі тое, што раней ён ужо аказваўся ў такіх сітуацыях і ведаў: можна звярнуцца ў псіхіятрычную клініку, і там дапамогуць, не дадуць забіць сябе.
Цярэнцій тлумачыць, што гэмблінг — гэта пра тое, каб паспрабаваць вырашыць праблему простым спосабам:
«Нехта топіць сваё гора ў бутэльцы, і гэта — мая такая бутэлька. Гэмблінг страшны тым, што яго не заўважаеш, нават калі добра ведаеш чалавека. У мяне паўгода была дзяўчына, дык я не ўпэўнены, што яна ўвогуле нешта ведае пра мае стаўкі. Брат і мама ведаюць, што я гэтым займаюся з юнацтва, але ім цяжка вызначыць, калі канкрэтна я гэтым займаюся і наколькі ў мяне цяжкая сітуацыя».
«Панапісваў у тэлеграме адкладзеныя паведамленні брату, маці, сябрам»
У кастрычніку 2023-га, страціўшы працу і адносіны, Цярэнцій перабраўся са Шчэціна, дзе жыў з дзяўчынай, у Варшаву да брата. Тады ён рабіў стаўкі ўжо кожны дзень, выдаткоўваў на іх тыя грошы, што атрымалася зарабіць на падпрацоўках, і пачаў пазычаць. У той жа час ён думаў, што здолее нешта зарабляць праз покер і стаўкі, але нічога не атрымлівалася.
Жыццё кацілася пад адхон:
«Што я толькі не спрабаваў. Прыязджаў у Гданьск і працаваў прыбіральнікам на караблях, спрабаваў ладзіць нейкія стэндапы. Усё больш і больш скатваўся ў дэпрэсію да таго, што нават з ложка не падымаўся, толькі ставіў і спрабаваў гуляць у покер, каб неяк вылезці з фінансавай ямы. Гэта не лепшы спосаб з яе вылезці, відаць.
Я і ў Познань перабіраўся, і ў Шчэцін, намагаўся нешта рабіць, але нічога не атрымлівалася. Займаў грошы ў знаёмых і незнаёмых, нават у людзей, якіх я бачыў толькі ў інтэрнэце».
У гэты раз даўгі Цярэнція дасягнулі сумы прыкладна ў 10 тысяч даляраў. Калі яму стала лепей, хлопец склаў спіс усіх, каму вінен грошы — у гэтым спісе 70 чалавек.
Ён шукаў дактароў, якія дапамагаюць пры псіхічных разладах, і знаходзіў псіхолагаў з велізарнымі цэнамі за сеанс. Цярэнцію трапіўся чат псіхічнай дапамогі для тых, хто думае пра суіцыд, але моўны бар’ер не дазволіў ім скарыстацца. Беларус тлумачыць: у той стадыі дэпрэсіі ён мог думаць толькі пра самазабойства і не меў сіл нават на тое, каб знаходзіць агульную мову з тымі людзьмі з чата.
Здавалася, што выхаду няма:
«У эміграцыі насамрэч цяжка. Калі нешта здарыцца, куды я паеду? Акрамя хворай маці, у мяне нікога няма ў Беларусі. У Польшчы мой брат, але яму таксама цяжка. Няма куды адступіць. Вярнуцца ў Беларусь, каб сядзець за кратамі?
Увогуле не бачыш тут перспектыў. Год-другі не можаш знайсці працу і думаеш, што твая прафесія вымерла праз ChatGPT, ці я ў ёй вымер. Дзяўчына? Гэта смешна. Ты не бачыш нічога светлага наперадзе, і табе вельмі важна сябе пераканаць, што ўсё насамрэч можа быць добра».
У кастрычніку 2024-га дэпрэсія амаль перамагла хлопца, і ён вырашыў зводзіць рахункі з жыццём. Шукаў шматпавярховік, каб скінуцца, але ў Познані, дзе тады жыў Цярэнцій, не знайшоў будынку, які б яму падаўся прыдатным.
Тады хлопец паехаў у Шчэцін — называе яго горадам, дзе на той час быў апошні раз шчаслівы, ды і ў Шчэціне ёсць шматпавярховікі. У цягніку да Шчэціна яму выпісалі штраф за праезд без квітка, Цярэнцій толькі пасмяяўся — маўляў, штраф не будзе каму плаціць, бо жыць далей ён не збіраўся.
Цяпер Марыніч згадвае, што ў тыя гадзіны моцна адчуваў інстынкт самазахоўвання, і зрабіць апошні крок яму было не так проста.
Ён некалькі дзён змагаўся з сабой. Напісаў адкладзеныя паведамленні ў тэлеграме свайму брату, маці, сябрам:
«Два дні хадзіў навокал таго будынка, падняўся на яго, прасядзеў на акне палову ночы. Выйшла нейкая бабуля, накрычала, дык я спусціўся на паверх ніжэй і сядзеў там да ранку.
Ранкам нагугліў нейкую бальніцу і пайшоў туды. Пакуль ішоў, думаў, ці вартае яно таго, ці патрэбна мне гэта. У выніку дайшоў да бальніцы пад вечар. Каля бальніцы стаяў некалькі гадзін, думаў, заходзіць або не. І зайшоў».
На той час Цярэнцій не меў медычнай страхоўкі. Хлопца палячылі ў доўг.
У шчэцінскай бальніцы. Фота: архіў суразмоўцы
У шчэцінскай бальніцы. Фота: архіў суразмоўцы
У бальніцы Марыніч пазнаёміўся з іншымі пацыентамі і адразу адчуў сябе лепш, бо быў каля людзей. Да гэтага, прызнаецца Цярэнцій, ён месяцамі ні з кім не гаварыў — толькі прасіў, каб яму далі грошай. Там беларус напісаў свой першы жарт за чатыры месяцы — успомніў, чым можа займацца акрамя ставак і покера.
«Для чагосьці ж я выжыў. Ну ўсяляк лепш, чым калі б скокнуў»
Падчас лячэння Марыніч напісаў эмацыйны трэд у твітары пра сваю бяду:
«Апошняя стадыя гульнявой залежнасці — гэта калі ўху***ваеш сябе наўмысна, каб усё скончылася. Я гэтую стадыю прайшоў — спадзяюся, з місіяй выратаваць яшчэ кагосьці ад падобнай хваробы.
А можа, у мяне атрымаецца смяшыць людзей з дапамогай жартаў, ездзячы па гарадах, як гэта робяць найлепшыя комікі і як гэта спрабаваў рабіць я, і ў мяне атрымлівалася. Для чагосьці ж я выжыў. Ну ўсяляк лепш, чым калі б скокнуў».
Дзень у той бальніцы, кажа Цярэнцій, каштуе каля 100 даляраў. Хлопец правёў там каля 15 дзён і выпісаўся з баявым настроем:
«У мяне ёсць сябры, якія жывуць без усякіх залежнасцяў, і ім таксама цяжка, яны таксама не могуць вярнуцца ў Беларусь. Хтосьці цяпер талеркі мые, а ў Беларусі ён быў нейрахірургам. Ён канцэнтруецца на гэтым і не бачыць выйсця, не развіваецца, а гэтага нельга рабіць. Трэба сябе пераканоўваць і яб**ыць».
Яшчэ месяц пасля бальніцы хлопец піў антыдэпрэсанты, потым кінуў. Да яго прыехаў брат і забраў Цярэнція ў Варшаву. Знайшлі танны пакой, брат пагутарыў са сваімі знаёмымі і знайшоў Цярэнцію працу ў кейтэрынгу. Пайшлі першыя грошы, хлопец паступова вярнуўся да фрылансу і пачаў шукаць сталую працу. Праз тры месяцы знайшоў месца па сваім профілі.
Цяпер, калі Цярэнцій працуе на дзвюх працах і трымаецца ад ставак падалей, у яго атрымалася вярнуць толькі каля 20% даўгоў: першапачатковая сума, па яго падліках, складае прыкладна 10 тысяч даляраў. Хлопец вінен і бальніцы — тут сума складае прыкладна паўтары тысячы даляраў, і яе дазволілі вяртаць у растэрміноўку.
Ён прызнаецца, што пэўны час думаў — яго дэпартуюць або заб’юць за даўгі. Але ж крок за крокам атрымліваецца выбудаваць жыццё нанава, і Цярэнцій упэўнены, што верне грошы ўсім, хто гатовы з ім узаемадзейнічаць.
«Магу зараз быць негатыўным прыкладам. Я быў у такой дупе, але паглядзіце на мяне — нават я спрабую нешта рабіць. Раз на месяц арганізую ў Гданьску стэндап — паколькі быў вінен шмат каму ў Гданьску, нават не мог змясціць сваё фота на постары.
Фота: архіў суразмоўцы
І цяпер у мяне ёсць праца, ёсць хобі, неяк развіваюся. Кніжкі чытаю, даўгі раздаю і жыву без ставак. Калі выйшаў, трохі ставіў, але хутка біў сябе па баках і з таго часу не гуляў», — кажа беларус.
Цярэнцій усведамляе, што яму цяпер зусім нельга вяртацца да ставак, нават калі гаворка пра маленькія сумы. Гэта як алкаголіку выпіць бакал піва — такое можа скончыцца зрывам і вяртаннем да залежнасці.
Беларус дзеліцца тым, што дапамагае яму не зрывацца. Хочаш завязаць — знайдзі замену сваёй залежнасці: можаш збіраць маркі, хадзіць у кіно, завесці блог ці пісаць кнігу.
Ідэя ў тым, каб змяніць адну залежнасць на іншую:
«Знайдзі тое, што будзе табе падабацца і пры гэтым не будзе знішчаць знутры. Для мяне гэта стэндап, але я думаю, што мала каму такая замена падыдзе. У любым выпадку, ты выдаткоўваў час на казіно ці гульні, цяпер яго трэба замяніць на нешта, чым ты будзеш захапляцца».