«Мы чакалі Полк Каліноўскага, каб вызваліў нас». Палітвязень патлумачыў, чаму папрасіў аб памілаванні
Дэвід Масціцкі ў 2020-м быў зусім юным фігурантам «пінскай справы». У верасні 2024-га Дэвіда вызвалілі па памілаванні. Цяпер ён з душэўным болем расказвае, як гэта адбывалася.

«Байсол» адкрыў збор, каб дапамагчы Дэвіду ўладкавацца ў замежжы — паўдзельнічаць можна тут.
Дэвіду Масціцкаму было 19 гадоў, калі яго арыштавалі. Ён быў адным з першых палітвязняў таго прызыву: яго закрылі яшчэ 2 верасня 2020 года. За бурны пратэст у дзень выбараў ён атрымаў 5 з паловай гадоў калоніі.
Дэвід адбываў тэрмін у шклоўскай калоніі №17.
Пра памілаванне ў калоніі ўпершыню загаварылі вясной 2024-га.
Да самога Дэвіда чарга дайшла ў чэрвені таго ж года. У калонію прыехаў пракурор, і хлопца паклікалі да начальніка калоніі: «Калі я зайшоў у кабінет, пракурор назваў сябе і пачаў задаваць стандартныя пытанні — маўляў, ці выйшаў бы я зноў на пратэст, калі б мяне вызвалілі. І потым сказаў мне, каб я напісаў [паперу] на памілаванне.
Да гэтага пісаць на памілаванне выклікалі хлопцаў, у якіх заставаліся маленькія тэрміны, мо з месяц, яны адмаўляліся з прынцыпу, і тады іх саджалі ў ШІЗА да заканчэння тэрміну».
Дэвід успамінае, што пракурор намякнуў яму — лепш пісаць, чым не пісаць.
А што было б, калі б ён адмовіўся?
«Мяне маглі накіраваць на турэмны рэжым, бо тэрмін дазваляў, тады ў мяне заставалася яшчэ год і два месяцы тэрміну. У мяне было дастаткова парушэнняў, і ўвагі я прыцягваў шмат.
Я размаўляў з палітычнымі, гуртаваўся з імі, піў з імі гарбату з аднаго кубка, пазычаў ім што было трэба. Гэта нельга і звычайнаму вязню рабіць, а я, палітычны, рабіў гэта», — кажа хлопец.
Дэвід кажа, што ў тым кабінеце яму далі паперу, дзе ўжо быў прапісаны ўвесь тэкст прашэння аб памілаванні.
Ад вязня патрабавалася толькі дапісаць пару словаў. Тэкст на той паперцы Дэвід дрэнна памятае — для яго прасіць аб памілаванні было няпроста.

Тады, у чэрвені 2024-га, шмат каго з вязняў выклікалі пісаць аналагічную паперу.
Дэвід успамінае, што палітвязні спачатку не чакалі шмат ад памілаванняў, бо іх прапаноўвалі толькі тым, у каго заставаліся месяц-два тэрміну. Але потым чарга дайшла да такіх вязняў, як Дэвід, каму заставаўся год-паўтара — і ўсё папулярнейшаю стала думка, што выпускаць будуць усіх.
Хлопец тлумачыць, чаму палітвязні не адмаўляліся прасіць аб памілаванні: «Мы ж не ў дзіцячым садку знаходзіліся, і ўсе выдатна разумелі, што будзе, калі адмовішся. Цябе і збіць маглі, і раскруціць на дадатковы тэрмін, і ў ШІЗА адправіць. У ПК-17 штотыдзень дадавалі камусьці з палітычных па паўтара-два гады.
Калі я сядзеў у ШІЗА, пасля вячэрняй праверкі да мяне прыйшлі супрацоўнікі. Быў там ДПНК — адзін з тых мянтоў, хто вельмі не любіць палітычных. З ім былі яшчэ мянты, напэўна, усяго іх было пяцёра. Яны расцягнулі мяне і пачалі адбіваць мне ногі».
Дэвід сутыкаўся з сапраўднай нянавісцю тых супрацоўнікаў.
«Хлопцы з каранціну траплялі ў атрад збітыя. У ШІЗА ўвогуле маглі забіць — ты ж там сядзіш у чатырох сценах, камера тры на тры метры. Бегчы хацелася з гэтага месца, таму і пісалі ўсе [прашэнні аб памілаванні]».
У верасні 2024-га Дэвіда нарэшце памілавалі. Перад гэтым меў гутарку з начальнікам аперчасткі калоніі — афіцэр фармальна спытаўся, ці плануе хлопец «хадзіць на мітынгі, біць мянтоў».

Хутка пасля таго, як Дэвід вярнуўся з калоніі ў Пінск, да яго прыехалі губазікаўцы з Брэста. Загадалі «сядзець ціха»: «Калі будзеш нешта гаварыць або кудысьці вылазіць, мы цябе закрыем гэтак жа хутка, як і вызвалілі. Яны сказалі, што гэта яны падавалі маё прашэнне аб памілаванні».
Пасля таго візіту Дэвід перабраўся ў Польшчу, дзе і жыве дагэтуль.
Хлопцу цяжка прымірыцца з тым, што ён прасіў аб памілаванні: «Я сам не баязлівец. Тое, што напісаў на памілаванне, — гэта мой выбар, як і выбар усіх астатніх. Было вельмі цяжка там.
Усе палітычныя там чакалі Полк Каліноўскага, каб прыйшлі і вызвалілі нас, бо там сапраўды было вельмі цяжка. Я спаў на месцы нябожчыка Вітольда [Ашурка], якога там забілі. Уявіце мае адчуванні там тады».
«Байсол» адкрыў збор, каб дапамагчы Дэвіду ўладкавацца ў замежжы — паўдзельнічаць можна тут.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары
Гэб'ё лукашэнкі наўмысна падзяляе беларускі народ, каб было лепей ім кіраваць.
Афіцэры і іншыя вайскоўцы - гэта частка беларускага народа, ў якім ёсць і дурні-ябацькі, і прарасейсскія ёлупні, і празаходнія недарэкі.