БЕЛ Ł РУС

Еўрапейская краіна, дзе мядзведзі свабодна блукаюць і якая зрабіла на іх турбізнэс

6.07.2025 / 11:18

Nashaniva.com

Румынія — адзін з апошніх куткоў Еўропы, дзе дзікія бурыя мядзведзі вольна блукаюць па лясах і дзе чалавек ім не перашкода. Паводле апошніх даных, у гэтай краіне жыве каля 13 000 мядзведзяў, што ў 100 разоў больш, чым у Польшчы і ў сотні разоў больш, чым у Беларусі, дзе папуляцыя рэдкая і лакальная. Для параўнання, у еўрапейскай частцы Расіі жыве прыкладна 36 000 мядзведзяў, але яны раскіданыя па велізарнай тэрыторыі, піша BBC.

Фота: Getty Images

Румынскія мядзведзі сфарміравалі найбуйнейшую карпацкую папуляцыю, якая застаецца жыццяздольнай дзякуючы суцэльным лясам Карпат. У Польшчы ці Беларусі мядзведзю няма дзе вандраваць: лясы фрагментаваныя, поўныя агароджаў, дарог і людзей.

Румынія ператварыла мядзведзя ў нацыянальны брэнд: туры па назіранні за мядзведзямі — сапраўдны трэнд. Кампаніі накшталт Outdoor Holidays ці Much Better Adventures ладзяць паходы ў суправаджэнні гідаў, каб людзі маглі без страху ўбачыць караля лясоў у яго натуральным асяроддзі.

Асобны гонар краіны — рэзервацыя Libearty у Зэрнэшці, дзе на 69 гектарах дубовага лесу жывуць больш за 130 мядзведзяў, вызваленых з цыркаў, звярынцаў і прыватных двароў.

Яшчэ 20 гадоў таму ў Румыніі можна было сустрэць мядзведзя, які забаўляе турыстаў каля рэстарана, прывязаны на ланцугу. Зараз гэта ўжо мінулае.

Але рост папуляцыі мае цану. Усё часцей здараюцца небяспечныя кантакты з людзьмі. У ліпені мядзведзь забіў матацыкліста, які спыніўся сфатаграфаваць пейзаж на знакамітай Дрозе Трансфэгарашан — мясціне, якую рэкламаваў нават «Top Gear». Мядзведзь сцягнуў чалавека ў 80-метровы абрыў. Мужчына быў у шлеме, у ахоўнай вопратцы — але не выратаваўся.

Улады цяпер шукаюць «залатую сярэдзіну»: як абараніць і мядзведзя, і чалавека. Памылкі з боку людзей — галоўная прычына інцыдэнтаў: спалохалі, падышлі да мядзведзіцы з малымі, пакінулі смецце ці ежу. Таму ўсіх вучаць простым правілам: рабіце шум у лесе — і мядзведзь сам адыдзе. Не фатаграфуйце, не карміце, не спрабуйце падысці.

Чытайце таксама:

У сямі беларускіх лясгасах дазволілі паляванне на мядзведзя

Мядзведзь уплаў сышоў з Беларусі ў Літву

«Не бяжы. Ты не зможаш…» На ўскрайку Гродна ходзіць мядзведзь, улады выступілі з папярэджаннем

Каментары да артыкула