З турэцкага заапарку ўцёк леў і напаў на чалавека
У турэцкім горадзе Манаўгат, які знаходзіцца на міжземнаморскім узбярэжжы, леў уцёк з заапарка Land of Lions і напаў на чалавека. Інцыдэнт адбыўся ўначы 6 ліпеня 2025 года.
Фота: freepik.com
Леў па імені Зеўс вырваўся з вальера і праз некалькі гадзін напаў на 53-гадовага фермера Сулеймана Кіра, які спаў на вуліцы пасля заканчэння паліву фісташкавых дрэў.
Мужчына пачуў шоргат, падняў коўдру — і леў скокнуў на яго. Кір расказаў, што змагаўся з драпежнікам, нават схапіў яго за шыю, пасля чаго той крыху адбег.
Паліцыя, якая шукала звера, пачула шум і спалохала льва стрэламі ў паветра. Пазней жывёліну знайшлі з дапамогай дронаў у лесе недалёка ад месца здарэння і застрэлілі.
Сулеймана Кіра даставілі ў шпіталь з траўмамі галавы, пляча і ног. Цяпер праводзіцца расследаванне, каб высветліць, як ільву ўдалося ўцячы.
У заапарку Land of Lions жывуць больш за 30 львоў, а таксама іншыя драпежнікі, у тым ліку тыгры, мядзведзі і ваўкі.
Чытайце таксама:
Львы задралі дырэктара сафары-парку ў Крыме