БЕЛ Ł РУС

З’езд КПРФ абвясціў памылковым даклад Хрушчова пра культ асобы Сталіна

7.07.2025 / 7:24

Nashaniva.com

Партыя КПРФ падчас з’езду, які прайшоў 5 ліпеня ў аздараўленчым комплексе «Снегіры» ў Маскоўскай вобласці, прыняла рэзалюцыю, у якой абвясціла памылковым даклад Мікіты Хрушчова пра культ асобы Сталіна ў 1956 годзе.

Фота: Pavel Bednyakov / AP

У дакуменце гаворыцца, што КПРФ лічыць неабходным «ацаніць памылковым і палітычна прадузятым» даклад Мікіты Хрушчова «Аб кульце асобы і яго наступствах», прадстаўлены на закрытым пасяджэнні дэлегатаў ХХ з’езду КПСС 25 лютага 1956 года, піша Расійская служба Радыё Свабода.

Гэты даклад быў прысвечаны асуджэнню культу асобы Сталіна, масаваму тэрору і злачынствам другой паловы 1930-х — пачатку 1950-х гадоў, віна за якія ўскладалася асабіста на Сталіна. Даклад лічыцца пачаткам хрушчоўскай адлігі.

Акрамя таго, падмаскоўны з’езд КПРФ перавыбраў 81-гадовага Генадзя Зюганава старшынёй ЦК КПРФ — ён займае гэтую пасаду з 1993 года.

Афіцыйная назва самой партыі была зменена на «КПРФ — палітычная партыя Камуністычная партыя Расійскай Федэрацыі».

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула