БЕЛ Ł РУС

Улады ЗША прызналі, што «спісу кліентаў» Джэфры Эпштэйна не існуе

7.07.2025 / 14:39

Nashaniva.com

Міністэрства юстыцыі і ФБР адміністрацыіТрампа прыйшлі да высновы, што ў іх няма доказаў таго, што асуджаны сэксуальны злачынца і дыскрэдытаваны фінансіст Джэфры Эпштэйн шантажаваў уплывовых асобаў і вёў «спіс кліентаў» або быў забіты, піша Axios.

Фота: New York State Sex Offender Registry via AP, File

Было апублікаванае відэа, якое паказвае, што ніхто не ўваходзіў у зону манхэтэнскай турмы, дзе знаходзіўся Эпштэйн у ноч яго смерці ў 2019 годзе.

Відэа падтрымлівае заключэнне судова-медыцынскага эксперта, што Эпштэйн памёр у выніку самагубства.

Гэта першы выпадак, калі адміністрацыя Трампа афіцыйна супярэчыць тэорыям змовы пра дзейнасць Эпштэйна і яго смерць — тэорыям, якія раней падтрымлівалі два галоўныя чыноўнікі ФБР, да таго як Трамп прызначыў іх у бюро.

Такім чынам адміністрацыя прэзідэнта ЗША Дональда Трампа ўпершыню афіцыйна абвергла тэорыі змовы вакол справы Эпштэйна і яго смерці.

Як інфлюэнсеры ў сацсетках і актывісты пратрампаўскага руху MAGA, Каш Патэл (цяпер дырэктар ФБР) і Дэн Бангіна (цяпер намеснік дырэктара) былі сярод тых у руху MAGA, хто ставіў пад сумнеў афіцыйную версію гібелі Эпштэйна.

Фінансіста Джэфры Эпштэйна абвінавачвалі ў гандлі людзьмі з мэтай іх сэксуалізаванай эксплуатацыі. Паводле версіі следства, бізнэсмен атрымліваў сэксуальныя паслугі ад непаўналетніх дзяўчат і «пазычаў» іх уплывовым людзям.

Эпштэйну пагражала да 45 гадоў зняволення. Мільярдэр не прызнаваў віну. Фінансіста затрымалі 7 ліпеня 2019 года. Праз месяц, 10 жніўня, бізнэсмен здзейсніў самагубства ў турэмнай камеры ў Нью-Ёрку.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула