Пуцін паслаў у Баку вырашаць канфлікт з Аліевым свайго былога ад'ютанта
У Баку накіраваўся самалёт МНС Расіі, якім карыстаецца міністр надзвычайных сітуацый Аляксандр Куранкоў — былы ад'ютант Уладзіміра Пуціна, паведамляюць «Важные истории». Ён нібыта павінен правесці неафіцыйныя перамовы з азербайджанскімі чыноўнікамі, перадаць асабістае «пасланне» ад Пуціна прэзідэнту Азербайджана Ільхаму Аліеву і абмеркаваць магчымы абмен затрыманымі.
Аляксандр Куранкоў. Фота: прэс-служба МНС Расіі
Гэты візіт адбываецца на фоне росту напружанасці ў адносінах паміж Расіяй і Азербайджанам. Раней Расія пачала нарошчваць сваё вайсковую прысутнасць у Арменіі, асабліва на базе ў Гюмры.
Канфлікт абвастрыўся пасля падзей у Екацярынбургу 27 чэрвеня, дзе расійскія сілавікі затрымалі больш за 50 прадстаўнікоў азербайджанскай дыяспары. Падчас затрымання загінулі два браты Сафаравы — выхадцы з Азербайджана. Азербайджанскія крыніцы сцвярджаюць, што іх забілі, а Следчы камітэт Расіі кажа, што адзін нібыта памёр ад інфаркту, а прычына смерці другога высвятляецца.
У адказ МЗС Азербайджана выклікаў расійскага дыпламата і запатрабаваў поўнага расследавання. Неўзабаве пасля гэтага ў Баку прайшлі ператрусы ў офісе расійскага СМІ «Sputnik Азербайджан» — затрымалі некалькі чалавек, у тым ліку нібыта звязаных з ФСБ.
Таксама ў Расіі адбыліся затрыманні прадстаўнікоў азербайджанскай дыяспары: у Екацярынбургу затрымалі лідара Шахіна Шыхлінскага, а ў Варонежы — прадпрымальніка Юсіфа Халілава.
Расійска-азербайджанскі канфлікт набывае ўсё больш востры характар, а візіт у Баку Куранкова, верагодна, з'яўляецца спробай яго ўрэгуляваць.
Чытайце таксама:
Затрыманых у Азербайджане супрацоўнікаў «Спутніка» адпусцілі пад падпіску аб нявыездзе
Пяскоў: Кіраўнік СК Расіі і генпракурор Азербайджана разбіраюцца з «праблемнымі пытаннямі»
У Азербайджане вырашылі закрываць рускамоўныя школы
СМІ назвалі вінаватымі ў забойстве азербайджанцаў чатырох кіраўнікоў паліцыі Екацярынбурга
У Азербайджане паказалі, як выглядаюць затрыманыя расіяне. Яны моцна збітыя ФОТЫ
Чаму зноў сапсаваліся адносіны паміж Расіяй і Азербайджанам. З'яўляюцца дэталі справы