Колькасць даменных імёнаў у зонах.by і.бел перасягнула 150 тысяч
Колькасць даменных імёнаў у зонах.by і.бел перасягнула знакавую мяжу — больш за 150 тысяч. Пра гэта паведаміла кампанія beCloud, якая з’яўляецца тэхнічным адміністратарам нацыянальных даменных зонаў.
Ілюстрацыя: beCloud
Па стане на чэрвень 2025 года зарэгістравана 150 882 дамены другога ўзроўню, з іх:
- 135 704 — у зоне.by,
- 15 178 — у зоне.бел.
Амаль 72% уладальнікаў даменаў — гэта жыхары Мінска і Мінскай вобласці. За імі ідуць Брэсцкая, Гомельская, Гродзенская і іншыя вобласці. Каля 8% даменаў належыць нерэзідэнтам Беларусі — найперш з Расіі (3 963 дамены), Германіі (1 480) і ЗША (1 355). У пяцёрку таксама ўваходзяць Кітай і Францыя.
64% даменаў зарэгістраваны юрыдычнымі асобамі, а 36% — фізічнымі. Паводле экспертаў, рост даменнай прасторы працягнецца, асабліва дзякуючы малому і сярэдняму бізнэсу, які ўсё часцей выходзіць з сацсетак у нацыянальны інтэрнэт.
Асобна beCloud адзначыла аўкцыёны, дзе прадаваліся дамены, якія вызваліліся. За першае паўгоддзе 2025 года адбылося 5 такіх мерапрыемстваў, падчас якіх было прададзена 298 лотаў: 285 у зоне.by і 13 — у зоне.бел. Агулам падчас іх сабрана 68 755 рублёў.
Сярод самых дарагіх даменаў:
- у зоне.by — vbet.by (10 660 рублёў), nissan.by (5 364 рублі), znaj.by (3 934 рублі). Таксама ў дзясятку трапілі tdi.by, belmapo.by, metr.by, ex.by, kotly.by, amper.by, ipm.by;
- у зоне.бел — простыевещи.бел, ландшафт.бел, брестполумарафон.бел, аэросъемка.бел, ноутбуки.бел, барахолка.бел і іншыя.
Чытайце таксама:
Аўтару мема пра «самыя сучасныя трафікі» знайшлі новую пасаду