БЕЛ Ł РУС

Святлана Ціханоўская сустрэлася з міністрам унутраных спраў Літвы. Размова ішла па-беларуску

8.07.2025 / 22:12

Nashaniva.com

Беларуская дэмакратычная лідарка Святлана Ціханоўская правяла перамовы з міністрам унутраных справаў Літвы Уладзіславам Кандратовічам. Размова, як падкрэсліваецца ў паведамленні прэс-службы Святланы Ціханоўскай, прайшла на беларускай мове, што падкрэсліла дабразычлівае стаўленне літоўскага палітыка да беларускага народа.

Уладзіслаў Кандратовіч добра ведае беларускую мову, бо паходзіць з вёскі Немеж, якая месціцца на паўднёвы ўсход ад Вільні, недалёка ад беларускай мяжы. Мясцовае насельніцтва мае ў асноўным польскую нацыянальную свядомасць, але мовай штодзённай камунікацыі ў гэтых вёсках прынамсі ў ранейшыя часы была пераважна беларуская. Дзеля таго выхадцы адтуль нават калі самі не гавораць па-беларуску, то добра яе разумеюць. 

У сустрэчы, акрамя Уладзіслава Кандратовіча, таксама бралi ўдзел кіраўніца дэпартамента міграцыі Эвеліна Гудзінскайце і амбасадарка па асаблівых даручэннях Аста Андрыяўскене.

Уладзіслаў Кандратовіч адзначыў, што Літва працягне падтрымліваць беларусаў, а Ціханоўская ў адказ падзякавала за паслядоўную падтрымку і выказала ўдзячнасць за рашэнні, якія палягчаюць жыццё беларусаў у Літве.

Падчас сустрэчы бакі ўзнялі пытанні, ключавыя для беларусаў.

Найперш былі закранутыя праблемы, якія ўзнікаюць у беларусаў пры атрыманні часовых дазволаў на жыхарства і іншых дакументаў. Святлана Ціханоўская прапанавала стварыць рабочую групу для аператыўнага вырашэння праблемаў. У сваю чаргу, Уладзіслаў Кандратовіч запэўніў, што кожны кейс разглядаецца індывідуальна, а кожнае рашэнне можа быць абскарджана праз суд. 

Таксама Ціханоўская звярнулася з просьбай працягнуць тэрміны замены беларусамі аўтамабільных нумароў. Літоўскі міністр адзначыў, што ў год мяжу з Беларуссю перасякаюць каля 1,5 мільёнаў разоў і для Літвы вельмі важнае пытанне бяспекі. У той жа час ён запэўніў, што памежныя пераходы застануцца адкрытыя для пасажырскай камунікацыі.

Чытайце таксама:

Міністр унутраных спраў Літвы выказаўся за тэхнічнае ўзмацненне мяжы з Беларуссю

Новы міністр унутраных спраў Літвы Кандратовіч: Культурна самая блізкая краіна для Літвы — гэта, вядома, Беларусь

Новы кіраўнік МУС Літвы расказаў, ці трэба закрываць рэшту пунктаў пропуску на мяжы з Беларуссю

Прэм'ер Літвы: Словы Кандратовіча пра блізкасць беларускай нацыі гучаць дзіўна

«Я меў на ўвазе блізкасць беларускага народа, а не краіны». Кіраўнік МУС Літвы адказаў на крытыку прэм'ера

Каментары да артыкула