Аляксандр Глеб папрасіў выключыць яго з санкцыйнага спісу Польшчы і атрымаў адказ
Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі Польшчы афіцыйна адмовіла былому футбалісту зборнай Беларусі Аляксандру Глебу ў выключэнні яго з нацыянальнага санкцыйнага спісу. Рашэнне, падпісанае намеснікам міністра Чэславам Мрочакам, было апублікавана 19 мая ў Бюлетэні публічнай інфармацыі, заўважыла выданне Reform.news.
Аляксандр Глеб
Аляксандр Глеб, які падчас сваёй спартыўнай кар'еры выступаў за лонданскі «Арсенал», «Барселону» і нацыянальную зборную, быў унесены ў санкцыйны спіс за падтрымку рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. Санкцыі прадугледжваюць замарожванне актываў, забарону на ўезд у Польшчу і забарону на аказанне фінансавай ці эканамічнай дапамогі.
Ініцыятыва па ўключэнні былога футбаліста ў спіс паходзіла ад Агенцтва ўнутранай бяспекі Польшчы (ABW). Паводле спецслужбаў, знаходжанне Глеба ў Польшчы пагражае нацыянальнай бяспецы і міжнароднаму іміджу краіны.
У сакавіку 2025 года адвакат Глеба падаў прашэнне на выключэнне яго з санкцыйнага спісу, сцвярджаючы, што той не ўдзельнічае ў палітыцы, не падтрымлівае агрэсію Расіі супраць Украіны і займаецца выключна спартыўнай дзейнасцю. У прыватнасці, адзначалася, што Глеб з 2020 года, маўляў, працуе паслом букмекерскай кампаніі Fonbet Belarus і не займаецца прапагандай.
Аднак польскія ўлады палічылі гэтыя аргументы непераканаўчымі. У рашэнні падкрэсліваецца, што абставіны, з-за якіх былі ўведзены санкцыі, не зніклі. Сярод новых фактаў — удзел Аляксандра Глеба ў снежні 2024 года ў «Марафоне адзінства» ў Мазыры, што было расцэнена як палітычная падтрымка Лукашэнкі падчас перадвыбарчай кампаніі.
Міністэрства прыйшло да высновы, што падставы для санкцый застаюцца актуальнымі. Акрамя таго, адзначаецца, што спецслужбы маюць права абмяжоўваць публікацыю падрабязнасцяў, калі гэта тычыцца нацыянальнай бяспекі.