ЗША аднавілі пастаўкі ракет і снарадаў для Украіны
Пентагон тыдзень таму спыняў пастаўкі.
Фота Czarek Sokołowski / AP
Адміністрацыя Дональда Трампа аднавіла адпраўку часткі ўзбраення ва Украіну праз тыдзень пасля таго, як Пентагон спыніў некаторыя пастаўкі. Пра гэта паведамляюць Reuters і AP са спасылкай на крыніцы.
Аднаўленыя пастаўкі ўключаюць 155-мм боепрыпасы і ракеты GMLRS, пішуць агенцтвы. У якой колькасці і калі яны прыбудуць ва Украіну, не ўдакладняецца.
Акрамя таго, Трамп пацвердзіў інфармацыю, што з’явілася ў СМІ, аб тым, што яго адміністрацыя разглядае магчымасць перадачы Украіне дадатковага комплексу СПА Patriot.
«Яны [украінцы] хацелі б яго […] я ведаю, што яны падалі запыт. Нам трэба будзе паглядзець на гэтае пытанне. Вельмі дарагі, вельмі дарагі комплекс», — сказаў Трамп.