Маскоўскае «Тарпеда», якое трэніруе беларускі спецыяліст, выключылі з Расійскай прэм’ер-лігі
Маскоўскае футбольнае «Тарпеда» выключылі з Расійскай прэм’ер-лігі. Пра гэта паведаміла «Чэмпіянату» крыніца, знаёмая з ходам пасяджэння Кантрольна-дысцыплінарнай камісіі Расійскага футбольнага саюза.
Такое рашэнне было прынята з-за карупцыйнага скандалу, у эпіцэнтры якога аказаўся маскоўскі клуб. Прэзідэнт «Тарпеда» Леанід Собалеў аказаўся ў СІЗА — яго абвінавачваюць у подкупе арбітра. Падазраваны суддзя таксама ўзяты пад варту.
Паводле версіі следства, суддзя Багдан Галаўко свядома здзейсніў памылку на карысць маскоўскага «Тарпеда» падчас матча супраць «КамАЗа» (Набярэжныя Чалны) 24 мая. Гэта была гульня апошняга, 34-га тура Першай лігі. Яна мела вырашальнае значэнне для вызначэння каманд, якія выйдуць у вышэйшы дывізіён чэмпіянату — Расійскую прэм’ер-лігу.
Нагадаем, чорна-белыя занялі другое месца ў першай лізе сезона-2024/2025 і наўпрост выйшлі ў РПЛ. Клуб трэніруе беларуска-расійскі спецыяліст Алег Конанаў, яго асістэнтам з'яўляецца беларус Павел Кірыльчык.. У «Тарпедзе» гуляе беларус Глеб Шаўчэнка.
Новы сезон Расійскай Прэм’ер-Лігі стартуе 18 ліпеня 2025 года і завершыцца 17 мая 2026-га.
Чытайце таксама:
Арбітра затрымалі за непрызначаны вырашальны пенальці — скандал у расійскім футболе