БЕЛ Ł РУС

«Са студзеня Расія страціла 100 тысяч салдат. Забітымі. Не ўсяго, а забітымі»

10.07.2025 / 22:9

Nashaniva.com

Дзяржсакратар ЗША Марка Рубіа на прэс-канферэнцыі пасля сустрэчы з міністрам замежных спраў Расіі Сяргеем Лаўровым на форуме АСЕАН у малайзійскім Куала-Лумпуры назваў каласальную лічбу расійскіх страт, нібыта панесеных толькі за апошнія паўгода. 

Марка Рубіа. Фота: Mandel Ngan/Pool Photo via AP

«Са студзеня Расія страціла 100 тысяч салдат. Забітымі. Не ўсяго, а забітымі. Ва ўкраінскага боку страты меншыя, але таксама вельмі значныя», — заявіў Марка Рубіа.

Ён заявіў таксама, што прэзідэнт ЗША Дональд Трамп не любіць вайны і лічыць, што гэта толькі пустое марнаванне грошай і чалавечых жыццяў.

«Ён зробіць усё, што ў ягоных сілах, каб пакласці канец гэтай вайне і любой іншай, калі ў яго з'явіцца такая магчымасць. Як вы ўжо бачылі раней, ён будзе працягваць працаваць у гэтым кірунку. Мы разумеем, што такія рэчы патрабуюць часу і цярпення. Але, вядома, мы таксама адчуваем расчараванне з-за недастатковага прагрэсу.

Спадзяемся, што сённяшнія падзеі і найбліжэйшыя дні праясняць, якая дакладная пазіцыя і прыярытэты Расіі ў гэтым пытанні, і мы зможам пачаць рухацца наперад», — адзначыў Марка Рубіа.

Чытайце таксама:

Марка Рубіа выказаў расчараванне пасля сустрэчы з Лаўровым

Марка Рубіа сустрэўся з Сяргеем Лаўровым

Махляр пры дапамозе ШІ выдаў сябе за Марка Рубіа і звязаўся з трыма міністрамі замежных спраў

Каментары да артыкула