Кілерамі палкоўніка СБУ Вароніча аказаліся замежнікі
Іх грамадзянства пакуль не называецца.
Скрыншот відэапаведамлення кіраўніка СБУ Васіля Малюка, які запісаў відэа пра гэта на фоне целаў, як ён сказаў, агентаў ФСБ
Забітыя меркаваныя кілеры палкоўніка СБУ Івана Вароніча — мужчына і жанчына — аказаліся замежнікамі, паведаміла Нацыянальная паліцыя Украіны.
«Дзякуючы сумеснай рабоце аператыўнікаў міліцыі Кіева і СБУ, следчых, аналітыкаў крымінальнага аналізу, былі вызначаны асобы, датычныя да здзяйснення злачынства — імі аказаліся мужчына і жанчына, грамадзяне іншай краіны», — гаворыцца ў паведамленні Нацпаліцыі.
Іншых падрабязнасцяў пра іх асоб не прыводзіцца.
Сёння СБУ паведаміла, што забіла кілераў, якія застрэлілі палкоўніка Службы бяспекі ў Кіеве. Кіраўнік СБУ Васіль Малюк запісаў відэа пра гэта на фоне целаў, як ён кажа, агентаў ФСБ.
50-гадовага палкоўніка СБУ невядомы расстраляў у цэнтры Кіева з пісталета з глушыцелем 10 ліпеня. У раёне 9:00 невядомы падбег да 50-гадовага Івана Вароніча на вуліцы і пяць разоў стрэліў з пісталета з глушыцелем. Пасля чаго ўцёк. Палкоўнік атрымаў цяжкія раненні і памёр на месцы.
Выданне The New York Times, спасылаючыся на былога калегу загінулага піша, што Іван Вароніч пасля ўступлення ў СБУ ў сярэдзіне 1990-х гадоў камандаваў падраздзяленнем спецыяльных аперацый. Ён кіраваў групай, якая ліквідавала «Матаролу».