БЕЛ Ł РУС

Беларускі верталёт Мі-24 збіў расійскі беспілотнік, які ляцеў ва Украіну

14.07.2025 / 9:43

Nashaniva.com

12 ліпеня верталёт Мі-24 ВПС Беларусі атакаваў і знішчыў расійскі ўдарны беспілотнік «Гербера», які ляцеў у бок Украіны.

Ілюстрацыйны здымак. Дрон «Гербера», які разбіўся 10 ліпеня каля 11:40 па літоўскім часе на тэрыторыі Літвы, у раёне закрытага пункта пропуску Шумскас, прыкладна за 1 км ад мяжы з Беларуссю

Пра гэта hromadske паведаміла крыніца ў Галоўным упраўленні разведкі Міністэрства абароны Украіны.

Як адзначае суразмоўца, у гэты момант у паветранай прасторы Беларусі знаходзіліся як мінімум тры расійскія беспілотнікі.

Верталёт войскаў супрацьпаветранай абароны Беларусі падчас выканання задачы па кантролі паветранай прасторы паведаміў аб выяўленні і знішчэнні ўдарнага беспілотніка.

Паводле інфармацыі нашай крыніцы, абломкі збітага беспілотніка ўпалі ў Гомельскай вобласці.

Пра тое, што ў Гомельскім раёне ў ноч на 12 ліпеня быў збіты невядомы беспілотнік, паведамляў «Флагшток».

Рэшткі дрона ўпалі ў раёне Зябраўкі каля гадзіны ночы. Хто менавіта і якім спосабам збіў апарат — невядома.

Украінскія маніторынгавыя каналы перад гэтым не паведамлялі пра ўварванне дронаў у паветраную прастору Беларусі. Гэта магло сведчыць пра тое, што быў збіты малапрыкметны для ўкраінскіх радараў беспілотнік — напрыклад, расійская «Гербера».

За дзень да гэтага, позна ўвечары 11 ліпеня ў Рэчыцкім раёне беларускі знішчальнік спрабаваў збіць дрон, падобны да расійскага шахеда.

Людзі з розных раёнаў публікавалі таксама відэа з расійскімі дронамі, што заляцелі ў Беларусь.

«Гербера» — лёгкі, аднаразовы дрон-прыманка, прызначаны для перагрузкі сістэм ПРА і выяўлення пазіцый радарных комплексаў. Такі апарат можа быць абсталяваны і невялікай баявой часткай.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула