ГУБАЗіК сфатаграфаваў затрыманых з падробленымі пашпартамі Новай Беларусі
Блізкі да сілавікоў тэлеграм-канал заявіў аб затрыманні двух магілёўцаў, што нібыта прыехалі ў Беларусь з пашпартамі Новай Беларусі. Але выявілася, што дакументы падробленыя.
Дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка ў каментарыі «Нашай Ніве» адзначыў, што пашпарты, якія трапілі на фотаздымак з канала сілавкіоў, — падробленыя. На іх не так напісана назва краіны, як на арыгінальным пашпарце Новай Беларусі.
На пашпарце Новай Беларусі краіна напісана як «Беларусь», а на фота губазікаўцаў — «Рэспубліка Беларусь».
Вячорка упэўнены, што падробку дакумента зрабілі беларускія спецслужбы.
«Аблажаліся яны. Нават муляж не могуць зрабіць нармальна», — сказаў Вячорка.
Фотаздымак, якія апублікавалі праўладныя каналы, і скрыншот з афіцыйнага сайта пашпарта «Новай Беларусі»
Калі паглядзець, як выглядаюць пашпарты, атрыманыя Сяргеем Ціханоўскім і Аляксандрам Клачко (тут і тут), то таксама бачна адрозненне ў напісанні назвы краіны.
Паводле заявы праўладнага канала, цяпер аднаго з затрыманых абвінавачваюць паводле ч. 1 арт. 361-4 КК Беларусі — «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці». Ён арыштаваны.
Другі магілёвец знаходзіцца пад падпіскай — паводле губазікаўцаў, ён пагадзіўся заплаціць 10 тысяч долараў — у «сторазовым памеры кампенсацыі», спадзеючыся на «спыненне крымінальнай справы за фінансаванне экстрэмізму».
Аднак, мяркуючы па тым, што пашпарты — падробка, уся гэтая гісторыя — фэйк з выкарыстаннем «акцёраў», прыдуманы для застрашвання.
Чытайце таксама:
ГУБАЗіК заявіў пра затрыманне двух магілёўцаў: нібыта яны ехалі ў краіну з пашпартамі Новай Беларусі