БЕЛ Ł РУС

Лукашэнка праверыў фізпадрыхтоўку генералаў. «Усе паказалі толькі выдатныя вынікі»

14.07.2025 / 14:49

Nashaniva.com

Па даручэнні Лукашэнкі былі праведзеныя кантрольныя заняткі па фізічнай падрыхтоўцы вышэйшага афіцэрскага складу сілавых ведамстваў. Пра вынікі праверкі журналістам расказаў дзяржсакратар Рады бяспекі Аляксандр Вальфовіч, піша БелТА.

Начальнік Генштаба генерал-маёр Павел Муравейка. Фота прэс-службы Мінабароны

«Акцэнт зроблены на якасці правядзення мерапрыемстваў як аператыўнай, так і баявой падрыхтоўкі, паколькі асновай якаснага выканання задач па прызначэнню з’яўляецца фізічная падрыхтоўка, фізічная вынослівасць вайскоўцаў. Зыходзячы з гэтага Лукашэнкам была пастаўлена задача Дзяржсакратарыяту Рады бяспекі арганізаваць і праверыць фізічную падрыхтоўку кіраўнічага складу ўсіх структур сістэмы забеспячэння нацыянальнай бяспекі нашай краіны. То бок усіх генералаў і афіцэраў, якія знаходзяцца на вышэйшых вайсковых пасадах», — расказаў Вальфовіч.

Пад праверку трапілі ўсе генералы і палкоўнікі, якія займаюць генеральскія пасады, з 11 сілавых ведамстваў. Нягледзячы на тое, што заняткі арганізоўваў Дзяржсакратарыят Рады бяспекі, у строй таксама быў пастаўлены і вышэйшы афіцэрскі склад гэтай структуры.

Кантрольныя заняткі правялі з прыцягненнем спецыялістаў Спартыўнага камітэта Узброеных сіл на базе Мінскага сувораўскага вайсковага вучылішча і Цэнтральнага дома афіцэраў. Вайскоўцы выконвалі практыкаванні на вынослівасць, у прыватнасці, бег на 500 м або плаванне на 100 м, і на сілу — падцягванне на перакладзіне або комплекснае сілавое практыкаванне. Па выніках праверкі быў адзначаны высокі ўзровень фізічнай падрыхтоўкі службовых асоб.

«Усе правераныя службовыя асобы паказалі толькі выдатныя і добрыя ацэнкі. Ніводнай нездавальняючай, здавальняючай ацэнкі не было атрымана. Пры гэтым 70 % выдатных ацэнак і 30 % — добрых. Радасна, што ўсе міністры, кіраўнікі ўсіх ведамстваў атрымалі толькі выдатныя адзнакі», — дадаў Аляксандр Вальфовіч. 

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула