БЕЛ Ł РУС

Новы «Супермен» атрымаўся на рэдкасць душэўным і без глянцу

15.07.2025 / 8:0

Сафія Смірніцкая

Не любіце кіношных супергерояў? Новы «Супермен» (Superman) можа прымусіць вас змяніць меркаванне. Расказваем, як DC Studios удыхнулі новае жыццё ў старую як свет гісторыю.

Фота: кадр з трэйлера

У кінакампаніі DC Studios, адказнай за культавых супергерояў накшталт «Бэтмена» і «Супермена», апошнія гады не задаліся. Апошнія стужкі пра Флэша, Аквамена, Шазама і іншых супергерояў прыносілі кампаніі адны страты і ў найлепшым выпадку змяшаныя водгукі. Самым ганебным было тое, што ў пракаце праваліўся доўгачаканы сіквэл «Джокера» — стужка «Джокер: Шаленства на дваіх» сабрала безліч негатыўных водгукаў.

У такім выпадку не абысціся без перазагрузкі. DC Studios вырашылі пачаць яе з моцнай карты — культавага супергероя, якога ведаюць далёка па-за межамі свету коміксаў. З Супермена, інакш кажучы.

Яго гісторыі ўжо 87 гадоў. Яна пачынаецца на планеце Крыптон, дзе будучаму супергерою, на той час немаўлятку, даюць імя Кал-Эл. Тую планету знішчаюць, але бацька дзіцяці паспявае адправіць яго на Зямлю, дзе крыптонец атрымлівае імя Кларка Кента.

Кларк трапляе ў сям’ю амерыканскіх фермераў, якія выхоўваюць яго і вучаць простай зямной этыцы — добрым учынкам, чалавечнасці і пачуццям. Кент сталее, знаходзіць сабе працу журналіста, сяброў і каханую. А паралельна з гэтым адкрывае ў сябе звышчалавечую моц, трываласць, здольнасць лётаць і шмат усяго іншага, што Кларк выкарыстоўвае, каб патаемна рабіць добрыя справы.

Так нараджаецца Супермен.

Фота: кадр з трэйлера

Шмат хто ўспрымае гэтага героя як ідэальную істоту. Але Джэймс Ган, цяперашні бос DC Studios і рэжысёр новай стужкі, ліха размятае гэтыя шаблоны.

Яго Супермен перажывае няпросты час. Ён здолеў спыніць вайну ва Усходняй Еўропе, але ніяк не можа абараніць сябе ад Лекса Лютара, маладога мільярдэра-тэхнакрата, які апантаны ідэяй знішчыць крыптонца. 

Фота: кадр з трэйлера

Ган не саромеецца таго, што і Супермен бывае ўразлівы. Яго супергерой не раздае задаволеныя інтэрв’ю, а ляжыць без сіл, пераможаны ворагамі, і не можа знайсці агульную мову з каханай дзяўчынай. Здольнасць Супермена рабіць памылкі — частка яго чалавечнасці, і ён сам прызнаецца ў стужцы, што лічыць гэта прыгожым.

Фота: кадр з трэйлера

Калі ты супергерой, твае памылкі могуць каштаваць жыцця мільёнам, і барацьба Кента з Лютарам якраз пераходзіць на гэты ўзровень. Але як перамагчы таго, каго любяць ва ўсім свеце? Толькі праз публічнае цкаванне, на што і ідзе Лютар. Для Супермена гэта выклік яшчэ і таму, што Лютар выцягвае ў публічнасць самае патаемнае — паведамленне ад бацькоў крыптонца пра тое, што іх сын мусіць рабіць на Зямлі.

Аднаго з гэтых бацькоў грае Брэдлі Купер. У ролі Супермена — серыяльная зорка Дэвід Карэнсвет. Сыграць культавага персанажа — складаная задача, але Карэнсвет выдатна спалучае ў сваёй працы эмацыйнасць Кларка Кента з сілай Супермена. 

Гэта фільм і пра чалавечнасць, што хаваецца за коміксавымі адзеннямі супергерояў. Некаторыя персанажы могуць падацца стэрэатыпна адмоўнымі — узяць хаця б Васіля Гурко, прэзідэнта міфічнай Баравіі, які марыць уварвацца ў суседнюю краіну, што пад абаронай Супермена. 

Але гэта гісторыя не пра іх. Гэта гісторыя пра чужака, які не можа да канца стаць сваім і знайсці сябе, але свядома робіць выбар на карысць свайго новага атачэння, на карысць дабра. І калі гэта — яго галоўная моц, атрымліваецца, што такім супергероем можа стаць кожны.

Чытайце таксама:

«F1»: ці ўдаўся гоначны блакбастар з Брэдам Пітам?

«Матэрыялісты» — рамантычная камедыя, якая хоча размаўляць пра складаныя рэчы

Беларускі комік зняўся ў серыяле з зоркай «Звышнатуральнага». У кадры і Мінск — як яго бачаць амерыканскія кіношнікі

Каментары да артыкула