БЕЛ Ł РУС

Польская пракуратура пацвярджае, што напад на расійскага апазіцыянера Волкава рабіўся «пад уплывам» Леаніда Неўзліна

14.07.2025 / 17:1

Nashaniva.com

Польская нацыянальная пракуратура высветліла, што напад на паплечніка Аляксея Навальнага Леаніда Волкава ў Вільні ў сакавіку 2024 года мог быць арганізаваны пад уплывам Леаніда Неўзліна — былога суўладальніка кампаніі ЮКОС. Заказчыкам нападу быў юрыст Анатоль Бліноў і, паводле высноў следства, ён знаходзіўся пад уздзеяннем Неўзліна, паведамляе газета Rzeczpospolita.

Леанід Неўзлін, фота Navalny.com

Высновы польскай пракуратуры часткова пацвярджаюць вынікі ранейшага расследавання расійскага Фонду барацьбы з карупцыяй (арганізацыя прыхільнікаў Аляксея Навальнага), прадстаўленае ў верасні 2024 года. Згодна з імі, Бліноў быў у пастаянным кантакце з Неўзліным падчас нападаў на Волкава ў Вільні, яшчэ аднаго апазіцыянера Івана Жданава ў Жэневе і Аляксандру Петрачкову (жонку эканаміста Максіма Міронава) у Буэнас-Айрэсе.

Паводле інфармацыі польскага следства, Неўзлін мог быць зацікаўлены ў гэтых дзеяннях, каб спыніць крытыку з боку каманды Аляксея Навальнага.

У матэрыялах справы — паказанні аднаго з фігурантаў, беларуса Віктара Павелкі, з якім Бліноў пазнаёміўся ў казіно. Павелка нібыта дапамагаў шукаць выканаўцаў і быў сувязным паміж імі і Бліновым. Таксама згадваюцца тэкставыя паведамленні паміж Бліновым і Неўзліным, але іх сапраўднасць выклікае сумневы — бо атрыманыя яны нібыта ад асобы, звязанай з ФСБ, і не пацверджаныя арыгінальнымі носьбітамі.

Па справе праходзяць 11 падазраваных. Анатолю Блінову выставілі абвінавачанне ў падбухторванні да нападаў з палітычнымі матывамі — яму пагражае да пяці гадоў зняволення. Хоць суд замяніў яму арышт на заклад у 200 тысяч злотых (каля $54 тысяч), грошы выплачаныя не былі.

Анатоль Бліноў адмаўляе сваю віну. Неўзлін на допыт у Польшчы не з’явіўся. Ён усе абвінавачанні адхіляе і называе інфармацыю пра напады «прапагандай з Масквы». Ягоны бізнэс-партнёр Міхаіл Хадаркоўскі быў дапытаны восенню 2024 года.

Чытайце таксама:

«Неўзлінгейт»: літоўскі палітолаг знайшоў агульнае паміж нападам на расійскіх апазіцыянераў і правакацыямі супраць беларусаў

Расійскую «Соту», якая мочыць Ціханоўскую, спансіруе алігарх Неўзлін

Каго з беларускай апазіцыі падтрымлівае расійскі мільянер Неўзлін?

Стала вядома, у чым падазраюць беларуса, затрыманага за напад на расійскага апазіцыянера Волкава

Радзіна рэзка адказала Халезіну: Неўзлін — мой сябар, які шмат зрабіў для развіцця дэмакратыі ў многіх краінах

Каментары да артыкула