Зяленскі пагаварыў з Трампам пасля ягонай заявы па Расіі
Прэзідэнт Уладзімір Зяленскі правёў тэлефонную размову з Дональдам Трампам, падчас якой яны абмеркавалі нядаўнюю сустрэчу прэзідэнта ЗША з генеральным сакратаром НАТА Маркам Рутэ, піша «Украінская праўда».
Уладзімір Зяленскі. Фота: Jonathan Raa NurPhoto via Getty Images
«Гаварыў з прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам. Вельмі добрая размова. Дзякуй за гатоўнасць падтрымліваць Украіну і працаваць у далейшым разам, каб спыніць забойствы і ўсталяваць працяглы і справядлівы мір.
Прэзідэнт Трамп расказаў пра сваю сустрэчу з генеральным сакратаром НАТА Маркам Рутэ. Важна, што ў нас такія добрыя адносіны і краіны альянсу імкнуцца павялічваць выдаткі на абарону», — паведаміў пра вынікі размовы сам Уладзімір Зяленскі.
Зяленскі таксама паведаміў, што яны з Трампам абмеркавалі сродкі і рашэнні, каб «даць больш абароны людзям ад расійскіх удараў і ўмацаваць нашы пазіцыі».
Таксама, па словах прэзідэнта Украіны, яны дамовіліся часцей стэлефаноўвацца і каардынаваць свае крокі.
Перад гэтым Трамп зноў выказаў незадаволенасць дзеяннямі Расіі і заявіў, што Злучаныя Штаты ўвядуць жорсткія санкцыі як супраць яе самой, так і супраць яе гандлёвых партнёраў, калі цягам 50 дзён не будзе дасягнутая дамоўленасць аб міры ва Украіне. Таксама ён паведаміў пра дасягнутае пагадненне з НАТА, якое дазволіць пастаўляць Украіне амерыканскую сучасную зброю за еўрапейскія грошы.
Чытайце таксама:
ЗША паставяць праз НАТА зброю Украіне на $10 мільярдаў
Трамп: «І я такі: дзіўна!» Стэнаграма заяваў Трампа і Рутэ ў Белым доме