Пажылая мінчанка засталася без усіх зберажэнняў пасля тэлефанавання «аператара сувязі»
На мабільны тэлефон 76-гадовай жанчыны паступіў званок ад нібыта аператара сотавай сувязі, які паведаміў, што ў дачыненні да жанчыны здзяйсняюцца махлярскія дзеянні, паведамляе «Міліцыя Мінска».
Наступны званок быў у месенджары. Лжэправаахоўнік паведаміў, што ашуканцы атрымалі аддалены доступ да мабільнага тэлефона пенсіянеркі, адкрылі на яе імя банкаўскі рахунак і туды паступаюць грошы падманутых людзей. Таму пенсіянерка падазраецца ў саўдзеле ў махлярскай схеме.
Каб захаваць зберажэнні, жанчыне прапанавалі задэклараваць усе наяўныя грошы, што знаходзяцца дома, бо яны могуць быць канфіскаваныя падчас ператрусу як сродкі, здабытыя злачынным шляхам.
Далей пад кіраўніцтвам ілжэюрыста з Нацыянальнага банка мінчанка ўсталявала на мабільны тэлефон праграму аддаленага доступу. Дома яна сабрала больш за 29 000 рублёў і перавяла іх на сваю банкаўскую картку. Затым паведаміла рэквізіты карткі «памочніку», а пасля выявіла, што ўсе грошы былі выкрадзены.
Заведзена крымінальная справа па факце махлярства.