БЕЛ Ł РУС

На захадзе Польшчы знайшлі артэфакт, падобны да таго, што нарабіў шуму пры раскопках гарадзішча на Менцы

20.07.2025 / 7:0

Ф. Раўбіч

Адначасова з гакам з выявай галавы барана, вынятым з раскопу ўмацаванняў на Менцы, з дна возера ў Польшчы паднялі гак з выявай чалавечага твару. Абодва месцы вельмі важныя для гісторыі дзяржаўнасці краін, а незвычайныя знаходкі датуюцца адным і тым жа часам.

Твар, выразаны ў канцы X стагоддзя на гаку з умацаванняў гарадзішча на Лядніцкім востраве. Фота: Музей першых Пястаў на Лядніцы

Пра знаходку паведамляе Музей першых Пястаў на Лядніцы. 

Унікальнае адкрыццё на дне Лядніцкага возера здзейсніла ў 2024 годзе каманда падводных археолагаў з Універсітэта Мікалая Каперніка ў Торуні ў супрацоўніцтве з Музеем першых Пястаў на Лядніцы.

Лядніцкі востраў на аднайменным возеры займае цэнтральнае месца ў старажытнай гісторыі Польшчы. У часы князёў Мешкі I і Баляслава Храбрага ён быў адным з галоўных абарончых і адміністрацыйных цэнтраў польскай дзяржавы. Востраў знаходзіўся ў цэнтры тэрыторыі племені палян, непадалёк ад важнага гандлёва-стратэгічнага сухапутнага і воднага маршруту паміж Познанню і Гнезнам. 

Лічбавая мадэль месца знаходкі гака. Фота: Музей першых Пястаў на Лядніцы

Лічбавая мадэль месца знаходкі гака. Фота: Музей першых Пястаў на Лядніцы

Тут захаваліся рэшткі гарадзішча і найстарэйшага ў Польшчы комплексу палацавай і культавай архітэктуры ў дараманскім стылі. Лядніцкі востраў таксама лічыцца імаверным месцам Хрышчэння Польшчы.

Сярод рэшткаў абарончага вала гарадзішча на Лядніцкім востраве быў знойдзены старанна апрацаваны гак з выявай чалавечага твару. Гак выдатна захаваўся ў парэштках вала, што з'яўляецца навуковай рэдкасцю.

Драўляная бэлька з нумарам 353 першапачаткова была часткай абарончага вала. У дэндрахраналагічнай лабараторыі Марака Крампца час, калі было ссечана дрэва для гака, быў вызначаны як 967 (у межах паміж 960 і 975 гадамі), што робіць яго сучасным або нават старэйшым за іншыя элементы абарончых умацаванняў Лядніцкага вострава.

У месцы, дзе ад ствала адыходзіла галіна, на ім выразаны твар з вельмі рэалістычнымі рысамі: пазнаюцца вочы, нос, рот, а таксама характэрны падбародак і авальная форма галавы. Вышыня твару — каля 12 см, шырыня — 9 см. Гэта не мініяцюрная фігурка, а паўнавартасны архітэктурны элемент, прызначэнне якога выходзіла за межы чыста канструктыўных.

Лічбавая мадэль месца знаходкі гака. Фота: Музей першых Пястаў на Лядніцы

На думку даследчыкаў, спосаб апрацоўкі дрэва і выраз твару сведчаць, што гэта была не проста дэкаратыўная апрацоўка гака. Магчыма, выява мела сімвалічнае значэнне як вобраз бажаства, духа або героя-заступніка жыхароў гарадзішча.

Як адзначаюць навукоўцы, у матэрыяльнай культуры славян антрапаморфныя выявы маглі быць значна больш распаўсюджанымі, чым паказваюць захаваныя помнікі. Дрэва — асноўны матэрыял — хутка раскладаецца, таму такія аб’екты захаваліся толькі ў выключных умовах, як забалочаныя ці падводныя асяроддзі.

Твар на гаку, знойдзеным на дне Лядніцкага возера. Фота: Музей першых Пястаў на Лядніцы

Твар на гаку, знойдзеным на дне Лядніцкага возера. Фота: Музей першых Пястаў на Лядніцы

Аналагічныя выявы твараў былі знойдзены, напрыклад, у Воліне, Вялікім Ноўгарадзе і Старой Ладазе. Найбольш блізкай стылістычна з’яўляецца фігурка з чатырма тварамі з Воліна, датаваная IX стагоддзем, з падобнымі спрошчанымі рысамі: трыкутным падбародкам, простым носам, схематычным адлюстраваннем вачэй і броваў.

На думку польскіх даследчыкаў, гэтае падабенства ў дэталях падмацоўвае меркаванне, што гак з'яўляецца праявай мясцовай мастацкай і духоўнай традыцыі, а не выніку ўплыву скандынаўскай або рускай культуры.

Лічбавая мадэль гака, знойдзенага на дне Лядніцкага возера. Фота: Музей першых Пястаў на Лядніцы

Твар на гаку мог выконваць апатрапеічную функцыю — адганяць злых духаў і абараняць жыхароў гарадзішча. Такія выявы вядомыя з іншых славянскіх гарадзішчаў і паселішчаў: фігуркі, статуі і дошкі з чалавечымі і жывёльнымі тварамі ўмуроўваліся ў сцены, агароджы і свяцілішчы. Напрыклад, зааморфная фігурка з Гнезна або разьбяныя дошкі з Жултэ, Калобжага, Ральсвіка і Уроцлава.

Знаходка з Лядніцы адпавядае шырокаму кантэксту ахоўных магічных практык, вядомых на славянскіх тэрыторыях. Археолагі адзначаюць, што ў валах таксама знаходзілі косткі жывёл, асабліва ніжнія сківіцы дзікіх звяроў, што можа сведчыць пра ахвярныя рытуалы. На Лядніцкім востраве былі знойдзены парэшткі каня пад адным з дамоў і фрагмент залатой капторгі з выявай каня каля падножжа вала — гэтыя знаходкі таксама могуць мець рытуальны характар.

Гак з выявай твара, выяўлены на дне Лядніцкага возера. Фота: Музей першых Пястаў на Лядніцы

З пісьмовых крыніц, у тым ліку Цітмара Мерзебургскага, Гербарда, Гельмальда з Басау і Нестара Летапісца, вядома, што раннесярэднявечныя славяне не абмяжоўваліся фігурнымі выявамі ў свяцілішчах. Скульптуры людзей і жывёл упрыгожвалі агароджы і брамы, што пацвярджаюць знаходкі ў Фішэрынзелі і Альтфрызаку ў Германіі. Таму можна лічыць, што разьбяная бэлька з Лядніцкага вострава — частка таго ж культурнага кола.

З другога боку, не выключана і больш простае тлумачэнне: гэта магла быць проста разьба, натхнёная выглядам канкрэтнай асобы або жаданнем упрыгожыць дэталь.

Аднак, як адзначаюць аўтары даследавання, такое рацыянальнае, свецкае мысленне характэрна для XX—XXI стагоддзяў. У раннясярэднявечным свеце межы паміж сакральным і свецкім былі значна больш размытыя. Побыт быў насычаны сімволікай, а прадметы быту часта мелі духоўны сэнс.

Амаль як на Менцы

Гак, канец якога быў аформлены ў выглядзе галавы барана. Фота: Інстытут гісторыі НАНБ

Маштабныя раскопкі археалагічнага комплексу на Менцы ў тым жа 2024 годзе дазволілі выявіць драўляныя ўмацаванні колішняга горада на гэтым месцы, які лічыцца летапісным Менскам і месцам, куды маглі саслаць Рагнеду і яе сына Ізяслава, фактычнага заснавальніка асобнай полацкай дынастыі, да таго, як быў пабудаваны горад Ізяслаў (цяпер Заслаўе). Сярод унікальных знаходак быў і гак, канец якога быў аформлены ў выглядзе галавы барана.

Гэтая знаходка ставіць перад беларускімі гісторыкамі тыя ж пытанні, што разьбяны твар перад польскімі — якое значэнне мела такая выява і ці магла яна быць проста прафаннай праявай народнай творчасці?

Апошнія дэндрахраналагічныя даследаванні драўніны з гэтых умацаванняў паказалі, што дрэвы для ўмацаванняў гарадзішча на Менцы былі спілаваныя ў 997—998 гадах. Гэтая даціроўка вельмі блізкая да даціроўкі гака з тварам, выяўленага цяпер на дне Лядніцкага возера на захадзе Польшчы.

Як мы ўжо пісалі раней, драўляныя ўмацаванні старажытнарускіх гарадоў амаль нічым не адрозніваюцца ад аналагічных умацаванняў заходніх славян — але на Захадзе і на постсавецкай прасторы іх прынята рэканструяваць па-рознаму. 

Рэканструкцыя славянскай крэпасці Пенігсберг у Брандэнбургу, узведзенай каля 870 года. Крапасная сцяна была выканана з рашэцістых (гакавых) канструкцыі. Фота: Slawische Burganlagen in Deutschland / Бернд Фішэр

З пісьмовых сведчанняў другой паловы X стагоддзя вядома, што заходнія славяне будавалі рашэцістыя (гакавыя) і зрубныя канструкцыі, якія злучаліся паміж сабой. Гэтыя гародні яны забутоўвалі зямлёй, глінай, бутавымі камянямі і бытавым смеццем. 

Папярочныя бярвёны з вялікімі сукамі-гакамі трымаюць падоўжаныя бярвёны ў гакавай канструкцыі. Фота: Wikimedia Commons

Сутнасць гакавай канструкцыі заключаецца ў наступным — перпендыкулярна лініі ўмацавання ўкладваліся адзін да аднаго доўгія бярвенні, некаторыя (або кожнае) з якіх мелі на канцы тоўсты сук, апрацаваны ў выглядзе гака (крука).

Магчыма, амаль адначасныя знаходкі ў Лядніцы і на Менцы дазволяць навукоўцам больш шырока паглядзець на ўзаемасувязі і агульную культурную прастору заходніх і ўсходніх славян.

Чытайце таксама:

На гарадзішчы на Менцы знайшлі фрагмент амфары з рунай

Стаў вядомы сапраўдны год заснавання Менска. Адкрыццё было вострасюжэтным навуковым дэтэктывам

Пазайздросцілі савецкаму Кіеву. Як у Мінску ледзь не адбудавалі велічную браму, якой ніколі не было

Каб пабачыць старажытны Менск, трэба ехаць у Германію? Чаму на Захадзе па-іншаму глядзяць на славянскія крэпасці

Каментары да артыкула