БЕЛ Ł РУС

Ва Украіне беларуса асудзілі за распальванне варожасці і анулявалі дазвол на жыхарства

16.07.2025 / 10:8

Nashaniva.com

Закарпацкае абласное ўпраўленне Дзяржаўнай міграцыйнай службы Украіны на падставе дакумента Службы бяспекі аб пагрозе для нацыянальнай бяспекі з боку грамадзяніна Беларусі, ураджэнца Гомеля, анулявала яму дазвол на іміграцыю і адпаведна на сталае жыхарства ва Украіне, даведалася «Радыё Свабода».

Фота ілюстрацыйнае

Як вынікае з судовага рашэння, якое мае ў распараджэнні «Радыё Свабода», перад гэтым беларуса аштрафавалі паводле часткі 1 артыкула 161 Крымінальнага кодэкса Украіны за распальванне нацыянальнай варожасці.

Ужо ў разгар поўнамаштабнай расійскай вайны супраць Украіны грамадзянін Беларусі, паводле рашэння суда, «на сістэмнай аснове» публікаваў у сацыяльнай сетцы Facebook фота, допісы і каментары абразлівага характару на адрас вайскова-палітычнага кіраўніцтва Украіны, у тым ліку прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага, супрацоўнікаў праваахоўных органаў, вайскоўцаў Узброеных сіл Украіны, а таксама супраць прадстаўнікоў яўрэйскай нацыянальнасці.

Ураджэнцу Гомеля пагражала да трох гадоў пазбаўлення волі, але ён пайшоў на здзелку са следствам, прызнаў сваю віну і выплаціў штраф.

Гэта адбылося ў чэрвені 2023 года, а ў сакавіку 2025 года СБУ накіравала ў міграцыйную службу дакумент, у якім утрымліваліся, як адзначаецца ў судовым рашэнні, «канкрэтныя факты і апісанне абставін дзеянняў грамадзяніна Беларусі, якія могуць паўплываць негатыўна на стан забеспячэння нацыянальнай бяспекі Украіны».

На падставе гэтага дакумента міграцыйная служба анулявала ўсе дазвольныя дакументы, якія прадугледжвалі магчымасць стала пражываць ва Украіне, а таксама ўхваліла рашэнне аб прымусовым вяртанні яго ў краіну паходжання або ў іншую, трэцюю, краіну.

Беларус спрабаваў абскардзіць гэтае рашэнне, але апеляцыйны суд адмовіўся задаволіць ягоную заяву. Цяпер ён яшчэ можа звярнуцца з касацыяй у Восьмы апеляцыйны адміністрацыйны суд.

Беларус жыў у Берагавым Закарпацкай вобласці з 2013 года. Там ён набыў зямельны ўчастак і ажаніўся з грамадзянкай Украіны. Менавіта на гэтай падставе ён у 2017 годзе атрымаў дазвол на іміграцыю і сталае пражыванне ва Украіне.

У сваёй заяве ў суд беларус асобна паведаміў, што падчас пражывання ў Беларусі ўдзельнічаў у апазіцыйных мітынгах і «літаральна ўцёк з краіны, бо яму пагражала турэмнае зняволенне на доўгія гады». У той жа час ніякіх канкрэтных фактаў у судовым рашэнні не згадваецца.

Да завяршэння судовага працэсу грамадзянін Беларусі застаецца на тэрыторыі Украіны.

Чытайце таксама:

Лідар магілёўскіх фанатаў пасля сутак збіраўся ва Украіну па свабоду, а цяпер ён за Лукашэнку, ГУБАЗіК і Расію

Беларусы, якія хочуць украінскі пашпарт, але не могуць адмовіцца ад грамадзянства Беларусі афіцыйна, змогуць зрабіць гэта дэкларатыўна

«Спыталі, чый Крым». Беларус падаўся адразу на два ДНЖ у Польшчы і Літве, а ў выніку мусіў пакінуць ЕС

Каментары да артыкула