Грамадства99

Лідар магілёўскіх фанатаў пасля сутак збіраўся ва Украіну па свабоду, а цяпер ён за Лукашэнку, ГУБАЗіК і Расію

Неверагодная гісторыя жыцця стваральніка фанацкай суполкі «Сям'я» з Магілёва Мікіты Варажбітава. Хлопец пачынаў з боек у лесе, а цяпер стаў папулярным трэш-блогерам. У канцы 2024 года яго дэпартавалі з Расіі як «пагрозу абараназдольнасці і грамадскаму парадку».

Варажбітаў нарадзіўся 13 снежня 1993 года ў Магілёве. У адным з відэа расказваў, што мама ўсё жыццё працавала настаўніцай. Сам хлопец вялікіх здольнасцяў у школе не праяўляў. Скончыў 9 класаў, а потым паступіў у Ліцэй (раней такія ўстановы называлі ПТВ) на электрыка, распавядае Tribuna.

«Я нават працаваў па спецыяльнасці, але дзе плюс, а дзе мінус, не ведаю. Таму і не затрымаўся доўга», — казаў ён.

Меў «каляфутбол галаўнога мозгу»

Мікіта прыгадваў, што ўпершыню ўбачыў фанацкія бойкі на відэа Укантакце. З таго часу ён гарэў ідэяй стаць адным з хуліганаў. Хлопец запісаўся ў секцыю тайскага бокса і разам з прыяцелямі ладзіў па дварах баксёрскія спаборніцтвы.

«Я жыў каляфутболам, толькі гэтым і цікавіўся. Прыходзіў дадому са школы і чытаў усю даступную літаратуру, глядзеў усе забівы (так фанаты называюць дамоўныя бойкі па акрэсленых правілах — Tribuna). Я ведаў усё пра расійскія і ўкраінскія дзвіжы. Гэта быў каляфутбол галаўнога мозгу, я быў памешаны на ўсім гэтым».

У інтэрв'ю для канала Эдуарда Германскага (баец ММА і футбольны хуліган з Расіі) ён успамінаў, што адзін з такіх трэнінгаў убачылі хлопцы з фанацкай суполкі магілёўскага «Дняпра» Fighters Firm і запрасілі да сябе на сектар. Варажбітаву там не спадабалася, бо было мала боек — з дзве на год. У 2011 годзе ён стварае сваю ўласную фірму, якая атрымала назву «Сям'я».

 Фота Belultras.by

«Я паклікаў брата. Найлепшы сябар паклікаў сваіх братоў. Мы падумалі, хто мы такія, калі не сям'я?» — тлумачыў Варажбітаў нэймінг. Па яго словах, на піку ў складзе «Сям'і» было каля 80 чалавек, а забівы адбываліся не толькі з беларускімі хуліганамі, але з расіянамі і ўкраінцамі.

«Ён здаў увесь свой калектыў»

З каляфутбольнага руху Варажбітаў ведае Андрэя Трацэўскага з пазыўным «Бяссмертны», які з 2022 года ваюе на баку Украіны.

Ігар «Янкі» (злева) і Андрэй «Бяссмертны»

«Бяссмертнага» някепска ведаў. У 2014—15 гадах мы з ім шмат камунікавалі, ён быў лідарам дынамаўскага калектыву «Першы шэраг». Мы пастаянна рабілі з імі тэмы. «Янкі» (Ігар Янкоў, яшчэ адзін беларускі добраахвотнік ва Украіне — Tribuna) быў у моладзі «Першага шэрагу» і, адпаведна, хутчэй за ўсё, супраць нас біўся», — успамінаў Мікіта ў адным з тыктокаў.

Сам «Бяссмертны» ў сваім тэлеграм-канале не прайшоў міма асобы магілёўскага хулігана. Сцвярджае, што той здрадзіў «сваім сябрам, сваім пацанам»: «Ён здаў увесь свой калектыў каляфутбольны, якіх пасадзілі ў турму. Потым ён збег у Расію, пачаў тусавацца з фанатамі «Лакаматыва». Потым стаў цалавацца ў дзясны з «мясам» (маюцца на ўвазе фанаты «Спартака» — Tribuna). У выніку ўсіх кінуў і стаў крычаць «Лукашэнка — прыгажун». Я рады, што ў свой час разваліў іх калектыў. Я скарыстаўся, што ў Мікіты Варажбітава ўсяго адна звіліна, а мозг як у рыбкі».

Што за гісторыю мае на ўвазе «Бяссмертны»?

Летам 2015 года ГУБАЗіК затрымаў пецярых удзельнікаў «Сям'і», сярод якіх быў і Варажбітаў. Гэтую гісторыю актыўна раскручвалі на дзяржаўных тэлеканалах, захаваўся сюжэт з праграмы «Зона Х». Хлопцы былі арыштаваныя за бойку ў снежні 2014 года ў Рагачове. Тады Варажбітаў пазбег турэмнага зняволення, у той жа год ён заявіў пра роспуск «Сям'і».

Менавіта тая гісторыя і спарадзіла мноства чутак. Tribuna пагутарыла ананімна з двума магілёўскімі фанатамі, яны кажуць, што не маюць пацвярджэнняў, што Варажбітаў кагосьці «здаваў», але падобныя размовы сапраўды вяліся ў сектары.

Былы лідар групоўкі тлумачыў, што з 2014 міліцыя ў Беларусі стала распрацоўваць футбольных фанатаў, якія былі адной з галоўных сілаў падчас рэвалюцыйных падзей ва Украіне.

«У нас у дзяржаве таксама забаяліся, што мы можам зрабіць пераварот. Адчулі, што будзе небяспека, і сталі нас распрацоўваць», — магілёвец.

З фанацкіх часоў Варажбітаў ведаў і Данілу Ляшука з пазыўным «Маджахед», які загінуў у красавіку 2023 года на бахмуцкім кірунку, ваюючы на баку Украіны. «Перасякаўся з ім на бойках, ён прадстаўляў «Дынама» Брэст, калектыў No Comments. <…> А што здарылася ва Украіне, вы ведаеце», — расказваў Варажбітаў у тыктоку.

Ладзіў бойкі АМАП супраць бадзяг

Пасля сканчэння каляфутбольнай старонкі Мікіта стаў развівацца ў блогінгу. Шмат у чым ён капіяваў падыход Максіма «Цесака» Марцінкевіча, расійскага неафашыста. Варажбітаў, як і «Цясак», запісваў на відэа, як ён змагаецца з педафіламі, прастытуткамі, мігрантамі. Гэта пачало прыносіць першы поспех і прагляды.

Другім кірункам сталі адзінаборствы. Варажбітаў выступаў сам у якасці байца ММА, а таксама стаў прамоўціць правядзенне турніраў. Адным з галоўных яго праектаў былі кулачныя баі ў фармаце 2 на 2, якія называліся «АМАП супраць бадзяг». 

Баі ладзіліся ў Беларусі і Расіі. Па словах арганізатара, за каманду АМАПа выступалі хлопцы з досведам службы ў спецназе і дэсанце. Сам Варажбітаў на той час ужо пераехаў жыць у Санкт-Пецярбург, дзе пазнаёміўся з неанацыстам Вячаславам Дацыкам. Разам яны працягвалі здзяйсняць рэйды супраць мігрантаў і закладчыкаў.

Дацык у свой час быў вядомы як ММА баец, менавіта ён нанёс адну з самых прыніжальных параз беларускаму спартсмену Андрэю Арлоўскаму. У Расіі Дацык адбываў пакаранне ў турме за незаконнае нашэнне зброі.

«Хацелі з мяне зрабіць палітвязня»

Напярэдадні Новага 2021 года Варажбітаў прыязджае да бацькоў у Магілёў. На радзіме ён захварэў на каранавірус і нават трапіў у лякарню. Пасля выпіскі яго пакінулі на самаізаляцыі. 29 снежня 2020 года яго затрымалі.

«Ззаду ўдар у спіну, паварочваюся — натоўп людзей у масках, б'юць нагамі. У мяне было разуменне, што гэта супрацоўнікі. Дзякуй Богу, што я не стаў супраціўляцца. Мяне скруцілі, кінулі як сабаку ў мікрааўтобус. Крычалі, абражалі, мацюкалі», — успамінаў ён момант арышту.

Варажбітава спачатку адвезлі ў Ленінскі РУУС, а потым кінулі ў ІЧУ. На наступны дзень яго судзяць па скайпе за парушэнне ўмоваў самаізаляцыі і прыгаворваюць да 15 сутак арышту.

«Са мной сядзелі збольшага бамжы і алкашы», — успамінаў ён.

У выніку хлопца судзілі пяць разоў: тройчы за парушэнне ўмоваў самаізаляцыі, яшчэ два разы за выяву свастыкі ў відэа на ютуб-канале і тэлеграме. У адным з інтэрв'ю Варажбітаў кажа, што адсядзеў агулам 49 сутак, у іншым — 52. У любым разе на волю ён выйшаў толькі ў другой палове лютага 2021 года.

Магілёвец успамінаў, што за судамі тады пільна сачылі праваабаронцы: «Яны хацелі зрабіць з мяне палітвязня. Маме казалі, калі [сын] выйдзе, то можа бясплатна з'ехаць у Літву, Латвію ці Польшчу.

Мне здаецца, калі б я быў палітвязнем, то ўвогуле б не выйшаў. Я нічога супраць улады не меў. Яны думалі, што я нейкі жорсткі апазіцыянер».

Варажбітаў згадваў, што ў ІЧУ да яго прыходзілі паштоўкі на беларускай мове. Хлопец адмаўляе, што ўдзельнічаў у пратэстах 2020 года ў Беларусі, але ў розных тэлеграм-каналах гуляе фота Мікіты падчас аднаго з мітынгаў.

«Разумеў, чаму людзі ўскрываюць сябе ў турме»

У ІЧУ Варажбітава не білі. Быў нават матрац, але ляжаць на ім дазвалялі толькі ўначы.

«Дзесьці на 18-я суткі ў мяне паехала кукуха, калі ўначы мяне сталі есці клапы. Я думаў, што гэта за дзікунства, што за канцлагер. У адну ноч мне здавалася, што я памру. Я тады не ведаў, што такое панічная атака. Потым другі раз, трэці гэта паўтарылася. У мяне слёзы, істэрыка, я б'ю ў сценку кулакамі. Я думаў, што мяне забяруць у бальнічку ці псіхушку, каб хоць паветрам падыхаць.

Я разумеў, чаму людзі сябе ўскрываць у турме, вешаюцца», — казаў магілёвец у інтэрв'ю каналу KOVALENKO. Гэты ютуб вядзе ўраджэнец Астраханской вобласці Расіі Святаслаў Каваленка, ён таксама баец MMA — у свой час быў асуджаны да 5 гадоў калоніі за збыт наркотыкаў.

Каля 15 сутак Варажбітаў правёў на супакаяльных таблетках. «Мяне там падплавіла псіхалагічна», — прызнаваўся хуліган.

Пазней казаў, што разам з ім палітвязняў не сядзела, але нібыта чуў гісторыі пра такіх зняволеных ад суседзяў па камерах. Падчас зняволення «сілавікі» выдалілі канал Варажбітава на ютубе, а таксама акаўнты ў іншых сацыяльных сетках.

«Паеду ў Кіеў, там свабода»

Па вызваленні хулігану далі зразумець, што ў Беларусь больш прыязджаць не варта.

«Я баюся, баюся кожны дзень. У Беларусь калі і буду прыязджаць, то без сімкі і з тэлефонам на авіярэжыме.

Я думаю, што паеду ў Кіеў. Там свабода. Там можна дзяўбці барыг, закладчыкаў, педафілаў. Кажуць, там даюць на гэта зялёнае святло», — так Варажбітаў разважаў пры канцы 2021 года.

Праз некалькі месяцаў Расія нападзе на Украіну і пачне поўнамаштабную вайну.

У сваіх сацсетках магілёвец цалкам падтрымлівае Расію, арганізоўваў зборы сродкаў на расійскую армію. Украінцаў часцей за ўсё называе «хахламі».

«Я не хачу ў Еўропу, мае блізкія таксама не хочуць. Я не хачу нічога супольнага мець з Еўропай. У Расіі ўсё цудоўна, перспектывы грамадныя, грошай шмат, бізнес адкрывай колькі хочаш. Афігенная краіна», — казаў ён у сацыяльных сетках.

За гэты час каналы Варажбітава зрабілі імклівы рывок у развіцці. На яго Youtube на сёння амаль 1 мільён падпісчыкаў, а ў тэлеграме — 250 тысяч. У сакавіку 2023 года магілёвец трапіў у спіс стрымераў, якія займаюцца нелегальнай рэкламай казіно. Гэты спіс апублікавала кіраўніца пракрамлёўскай «Лігі бяспечнага інтэрнэту» Кацярына Мізуліна.

Цяпер стаў фанатам ГУБАЗіКа

У снежні 2024 года Варажбітаў быў дэпартаваны з Расіі. Ён змясціў допіс, што быў прызнаны пагрозай «абараназдольнасці і грамадскаму парадку ў Расіі», але праз нейкі час выдаліў паведамленне.

Так хлопец зноў апынуўся ў Беларусі.

«Дэпартавалі, бо мы сталі займацца антыпрапагандай наркотыкаў. Расказваць, што гэта такое. Аберагаць моладзь сталі. Зрабілі шмат, відаць, камусьці мы перайшлі дарогу», — тлумачыў ён забарону на знаходжанне ў Расіі.

За дзень да імітацыі прэзідэнцкіх выбараў 2025 года ў Беларусі Варажбітаў зрабіў вялікі допіс, чаму ён пойдзе галасаваць за Лукашэнку.

«Я лічу Лукашэнку найлепшым прэзідэнтам. У нас няма мігрантаў, а калі з'явяцца і пачнуць весці сябе ганарыста, то іх адразу прызямляць. Вакол адны славяне, адзін да аднаго ёсць павага. У Беларусі няма бандытызму, арганізаванай злачыннасці. Сілавікі працуюць на ўсе 100%», — заявіў Варажбітаў, якога за пару гадоў да таго без дай прычыны збілі пры затрыманні.

Гэты допіс ён аздобіў здымкам у майцы з рунай Одал, якую падчас Другой сусветнай вайны выкарыстоўвалі нацысты.

У чэрвені 2023 года ў мужчыны нарадзіўся сын, якога назвалі Дабрыняй. Варажбітаў задаволены, што ў дзіця поўнае супадзенне імя з рускім багатыром «Дабрыням Нікіцічам». Гэтай вясной магілёвец віншаваў у сваіх сацсетках ГУБАЗіК з іх прафесійным святам:

«ГУБАЗіК — гэта беларусы, якія заўсёды абараняюць сваю радзіму, сапраўдныя патрыёты.<…> Асобна хачу вылучыць хлопцаў з 11-га ўпраўлення (магілёўскае абласное — Tribuna). Дзякуй вам за бяспеку, за чысціню. Ніхто апроч вас. Працуйце, браты!»

Адметна, што пры гэтым Варажбітаў ходзіць з татуіроўкай 1.3.1.2 на жываце. Гэтыя лічбы шыфруюць абрэвіятуру A.C.A.B., якая перакладаецца прыкладна як «усе мянты вылюдкі». У Беларусі гэтае спалучэнне літар прызнанае экстрэмісцкім.

Канал Варажбітава на ютубе моцна страціў у праглядах пасля дэпартацыі ў Беларусь. Раней кантэнт у асноўным рабіўся за кошт гутарак са скінхэдамі, футбольнымі хуліганамі, удзельнікамі «СВА». Запісваць у Беларусі такое складана.

«Калі ён быў у фанацкім варушняку, то старэйшыя ўстаўлялі Мікіту троху мазгі. Пасля пераезду ў Расію ён зусім «паехаў». Цяпер, выглядае, што працуе на беларускіх мянтоў», — сказаў адзін з магілёўскіх фанатаў, які перасякаўся з Варажбітавым на сектары.

Каментары9

  • soldaten wafflen
    07.07.2025
    Ленін , агент ахранкі і нямецкі шпіён , проста адбіты неанацыст, фанат аднога аўстрыйскага ефрэйтара
  • Барадзед
    07.07.2025
    Ворожбитову нужно сниматься в порно, голым показывать большие предметы на камеру. И драки ему станут не нужны.
  • Не здзяўлюця што калі прыйдзе час ён як усё зробіць як немецкі шпіён Ленін
    07.07.2025
    soldaten wafflen, сталін і гітлер разпачалі вайну як ХАЎРУСНІКІ ! таму яго праца на Губазік зразумела. Не здзяўлюця што калі прыйдзе час ён як усё зробіць як немецкі шпіён Ленін, яны абодва людзі насілля

Цяпер чытаюць

Польшча прызнала Аляксандра Машэнскага непажаданай асобай34

Польшча прызнала Аляксандра Машэнскага непажаданай асобай

Усе навіны →
Усе навіны

Беларусы ва Уроцлаве плятуць маскіровачныя сеткі для Украіны1

На вайне ва Украіне загінуў расійскі актывіст, які быў супраць вайны і заклікаў не ісці на яе4

Фрыдман: Чаму амерыканцы раптам павінны паставіць сваёй мэтай вызваленне палітзняволеных у Беларусі і яшчэ больш — абмяняць іх на санкцыі?7

Карова цяжка траўмавала дзяўчынку ў Бярозаўскім раёне1

На чацвер зноў абвешчаны аранжавы ўзровень, і ёсць трывожны званочак2

«Грошы нікуды не падзеліся, іх ніхто не скраў». У Банкаўскім працэсінгавым цэнтры пракаментавалі сітуацыю са спісаннем сродкаў1

«Як у 1937-м». Смерць расійскага міністра — папярэджанне для палітычнай эліты2

«Упэўнены Senior з 4000 і кватэрай». Як моладзь плануе жыццё да 2030+2

Маштабны збой у трох беларускіх банках: з рахункаў знікаюць грошы9

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Польшча прызнала Аляксандра Машэнскага непажаданай асобай34

Польшча прызнала Аляксандра Машэнскага непажаданай асобай

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць