БЕЛ Ł РУС

Колькі цяпер каштуе кава — молатая, у зярнятах і распушчальная? Некаторыя цэны здзіўляюць

16.07.2025 / 14:32

Nashaniva.com

Беларусы актыўна абмяркоўваюць падаражанне кавы — асобныя пакункі могуць каштаваць да 120-150 рублёў. Рост цэн выкліканы сусветным неўраджаем кававага зерня. Паглядзелі, як адрозніваюцца цэны на розныя тыпы кавы.

Ілюстрацыйны здымак

Молатая кава 

Пачак молатай кавы 500 грамаў у «Е-дастаўцы» каштуе ад 27,79 да 54,08 рубля. Самы дарагі — нямецкі Dallmayr, які можна набыць за 51-54 рублі. Танней атрымліваецца таксама нямецкі Jacobs і італьянскі Merrild — 27-39 рублёў.

Такі ж Merrild у Green прадаецца па 35,96 рубля. Шведская молатая кава Lofbergs тут каштуе па 40 рублёў за 500 грамаў.

Цэны на молатую каву на сайце «Е-дастаўцы»

Кава ў зярнятах

Паўкілаграма кавы ў зярнятах у анлайн-краме «Еўраопта» каштуюць ад 38,55 да 60,55 рубля. Нямецкі Movenpick такім чынам можна набыць за 55 рублёў, а італьянскі Bristot, President ці Carraro Tazza D`oro — за 38-60 рублёў.

У Green 500 грамаў кавы ў зярнятах «Местное известное» можна набыць за 38-43 рублі. Той жа Movenpick тут каштуе па 50,88 рубля, а Dallmayr ці Jacobs можна набыць за 55-59 рублёў. На зніжцы зараз Lavazza Qualita Oro — пачак прадаецца за 66,89 рубля замест 119,99.

Таксама на зніжцы зараз кава ў зярнятах Barista ў краме «Капеечка» — там пачак 800 грамаў можна набыць за 50,99 рубля.

Цэны на каву ў зярнятах на сайце анлайн-крамы Green

Распушчальная кава

Распушчальную каву ў «Е-дастаўцы» можна пабачыць толькі расійскую: 500 грамаў Nescafe ці Jacobs каштуюць па 47,99-56,99 рубля.

У Green 400 грамаў расійскага Jacobs абыдуцца ў 51,32 рубля, а 450 грамаў расійскага Nescafe — у 54,18 рубля.

Яшчэ адна зніжка ў «Капеечцы» на распушчальную каву Fresco — 23,29 рубля за 190 грамаў.

Цэны на распушчальную каву ў каталогу «Е-дастаўкі»

А як у суседзяў?

Падаражанне самага папулярнага пасля вады напою адбываецца па ўсім свеце — за апошні год сярэдні кошт яго павысіўся амаль удвая. На гэта ўплываюць перадусім змены ў клімаце і неўраджай зерня, а таксама пошліны на імпарт у Амерыку — краіну з самым высокім спажываннем кавы ў свеце.

У Літве 500 грамаў молатай кавы Dallmayr каштуюць каля 8-10 еўра (30-38 беларускіх рублёў). 100 грамаў распушчальнай кавы Jacobs там можна набыць за 8 еўра. Кілаграм Lavazza Qualita ў зернях — 21 еўра (79,7 беларускага рубля). Гэта цэны без зніжак — на акцыі (а яны ў крамах рэгулярна) кава каштуе амаль удвая танней.

У Польшчы пачак молатай кавы Jacobs 500 грамаў прадаюць па 36,35 злотага (32 беларускія рублі), Lavazza Qualita Oro у зернях — па 105 злотых (93,6 беларускага рубля) за кілаграм, а распушчальную Nescafe Classic — па 35 злотых (31 беларускі рубель) за 200 грамаў.

Чытайце таксама:

«Кава стане раскошай». Беларусы шакаваныя цэнамі ў крамах

Каментары да артыкула