Палітвязень зрабіў сэлфі проста ў камеры СІЗА на Валадарскага
Грамадзянін Латвіі Дзмітрый Міхайлаў, вызвалены 21 чэрвеня, здолеў зрабіць фота проста ў камеры СІЗА.
Дзмітрый апублікаваў яго ў інстаграме. Здымак зроблены ў ліпені 2022 года.
У СІЗА і калоніі вязням забаронена праносіць тэлефоны, таму гэты здымак сапраўдная рэдкасць. Дзяржаўныя тэлеканалы часам, канечне, наведваюць гэтыя ўстановы, але паказваюць у кадры прыхарошаную карцінку.
На фота, выкладзеным Дзмітрыем, бачны трохярусныя ложкі, куча металічных кубкаў, тэлевізар.
«Усе разумелі, што самі мянты і далі гэты тэлефон у камеру — але нам то што!!! Галоўнае маглі ўбачыць і пачуць родных! Казка доўжылася пару месяцаў!» — напісаў Дзмітрый.
Дзмітрый Міхайлаў меў краму ў Мінску. Яго затрымалі 1 сакавіка 2022 года і пасля асудзілі за каментары ў інтэрнэце, у зняволенні мужчына правёў тры гады. Быў вызвалены 21 чэрвеня 2025 года разам з яшчэ 13 палітвязнямі ў выніку візіту спецпасланніка адміністрацыі прэзідэнта ЗША Дональда Трампа Кіта Келага.
Чытайце таксама:
Вызвалены з турмы ў Беларусі грамадзянін Латвіі: За тры гады страціў 26 кілаграмаў і цалкам пасівеў