БЕЛ Ł РУС

УПЦ Маскоўскага патрыярхату далі месяц на разрыў адносін з Масквой

17.07.2025 / 20:53

Nashaniva.com

Украінская праваслаўная царква Маскоўскага патрыярхату (УПЦ МП) атрымала ад Дзяржаўнай службы Украіны па этнапалітыцы і свабодзе сумлення загад — да 18 жніўня разарваць сувязі з Рускай праваслаўнай царквой (РПЦ). Прычына — выяўленыя факты сувязі УПЦ з арганізацыяй, дзейнасць якой забароненая ва Украіне, піша «Украінская праўда».

Маскоўскі патрыярх Кірыл і мітрапаліт Ануфрый

Украінскія ўлады патрабуюць, каб кіраўніцтва УПЦ афіцыйна выйшла з-пад падначалення Рускай праваслаўнай царкве, адмовілася ад усіх палажэнняў яе статута і адклікала сваіх святароў і манахаў з усіх кіраўнічых структур Маскоўскага патрыярхату (у тым ліку Сінода, Сабораў і іншых царкоўных органаў).

Акрамя таго, УПЦ павінна публічна заявіць, што не згаджаецца з дзеяннямі РПЦ, у тым ліку з прызначэннем кіраўнікоў епархій ва Украіне і спробамі анексіі гэтых епархій.

Кіраўнік УПЦ РП мітрапаліт Ануфрый павінен публічна выказаць сваю нязгоду і афіцыйна ініцыяваць разрыў усіх адносін з РПЦ.

Амаль год таму, 20 жніўня 2024 года, Вярхоўная Рада Украіны прыняла закон, які забараняе дзейнасць у краіне рэлігійных арганізацый, звязаных з Расіяй. 

9 мая 2025 года Кабінет Міністраў ухваліў дакладны парадак правядзення расследавання адносна магчымай сувязі рэлігійных арганізацый з Расіяй, а таксама правілы разгляду фактаў распаўсюджвання імі ідэалогіі «рускага свету». УПЦ МП спрабавала аспрэчыць гэтую пастанову ў судзе, аднак ужо 20 мая Дзяржслужба па этнапалітыцы пачала расследаванне, каб вызначыць, ці мае УПЦ МП сувязі з забароненай у краіне расійскай рэлігійнай арганізацыяй.

2 ліпеня прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі пазбавіў мітрапаліта Ануфрыя ўкраінскага грамадзянства. Паводле дадзеных Службы бяспекі Украіны, ён мае расійскі пашпарт.

Чытайце таксама:

Вярхоўная Рада афіцыйна забараніла РПЦ. Што будзе далей з УПЦ?

Зяленскі падпісаў закон аб забароне УПЦ Маскоўскага патрыярхату

У самым вялікім праваслаўным храме Украіны пабіліся вернікі дзвюх цэркваў

Каментары да артыкула