Сеніцкі воўк, якога гераічна застрэліла міліцыя, усё ж аказаўся сабакам. Пад пытаннем і ягонае шаленства
Уначы ў Сеніцкім сельсавеце пад Мінскам была застрэленая жывёліна, якая перад тым палохала мясцовых жыхароў. У людзей узнікла спрэчка: адныя сцвярджалі, што гэта быў воўк, іншыя — што сабака. Каб разабрацца, правялі ветэрынарную экспертызу, і яна лясное паходжанне не пацвердзіла, піша pristalica.by.
Як расказаў галоўны дзяржаўны ветэрынарны інспектар Мінскага раёна Генадзь Залатуха, жывёліну грунтоўна даследавалі і па анатоміі сківіц вызначылі, што гэта ўсё ж такі сабака. У ваўка сківіцы значна мацнейшыя, ды і зубы маюць іншую форму.
Цяпер спецыялісты спрабуюць высветліць, ці быў гэты сабака хворы на шаленства. Папярэдні аналіз паказаў адмоўны вынік, але канчатковы адказ будзе вядомы толькі праз 30 дзён.
Нагадаем, што сілавікі адразу пасля заканчэння аперацыі паведамлялі, нібыта гэтая жывёліна — воўк з відавочнымі прыкметамі шаленства. А міністр унутраных спраў Іван Кубракоў даў указанне аб заахвочванні супрацоўнікаў за самаадданасць.
Чытайце таксама:
Злоўленая ў Сеніцы жывёліна аказалася шалёным ваўком. У міліцыі расказалі падрабязнасці
Злавілі таямнічую жывёлу, што палохала жыхароў Прылукаў і Сеніцы пад Мінскам
Пад Мінскам шнырыць галодны воўк, які з'яўляецца ля пад'ездаў выключна ўвечары