Спявачка Руся: Гіпна-тэхна адкрывае беларускай культуры новыя дзверы
Спявачка Марына Руся Шукюрава расказала ў інтэрв’ю budzma.org, як атрымалася зрабіць новы прарыўны крок у гісторыі фольк-праекта ŠUMA і чаму вакальная тэрапія з’яўляецца адказам на дзве вялікія праблемы сучаснага грамадства.
Фота: Ганна Шот
— Электронны фольк-праект ŠUMA, які складаецца з вас і Аляксея Будзько, нядаўна выпусціў новы вініл BAHNA. Якой была гісторыя яго стварэння?
— Мы з Лёшам — вялікія фанаты беларускага мастака Максіма Осіпава. Нас зачапіла адна з яго думак: ствараць культуру — гэта ў тым ліку і ствараць новыя сэнсы.
Дарэчы, гурт ŠUMA мы з Лёшам прыдумалі, каб ствараць новыя сэнсы ў сферы традыцыйных спеваў. Маё суб’ектыўнае меркаванне: наш праект з сумяшчэннем сучаснай электроннай музыкі і традыцыйных спеваў стаў для беларускай культуры крокам наперад, развіццём беларускай сцэны і пашырэннем яе пазнавальнасці за мяжой. Мы ствараем новы погляд на традыцыйную беларускую культуру.
Дык вось, пагаварыўшы чарговы раз з Максімам Осіпавым, мы падумалі: гм, чаго не стае беларускай міфалогіі? І ўзгадалі, што ў іншых народаў ёсць вялікая фігура маці — напрыклад, боства Пачамама ў Амазоніі. Мы пачалі думаць, што б гэта была за фігура ў беларускай міфалогіі? І вырашылі, што паколькі беларусы — гэта людзі на балоце, то ў нас Маці спала б на дне багны. Так пачалася праца над новым альбомам.
Сам вініл мы пабудавалі як містычнае і псіхадэлічнае падарожжа (увогуле тэхна — гэта вельмі саматычная музыка, якая прымушае цела рэагаваць, клеткі вібраваць). Яно пачынаецца з малітвы з просьбай да багоў праліць ваду на суседскую зямлю (гэта вельмі беларуская рыса — клапаціцца пра суседзяў). Затым разварочваецца рытуал, які людзі мусяць пратанчыць.
На канцэрце, дакладней, напрыканцы яго да гледачоў выходзіць Маці-Багна — у выглядзе адмысловай песні, якая пачынаецца са словаў «На балоце агонь гарыць, а ў Маці душа баліць». Яна дае слухачам бласлаўленне, кажа: хачу вас абняць, дзеткі, пачаставаць сваім цёплым хлебам, каб вы свой род помнілі. Калі даходзіць да гэтага моманту, слухачоў і гледачоў, якія страшэнна сумуюць па доме, раскрывае. Праца з культурным кодам — гэта адначасова і прыгожа, і кранальна.
Дадам, што мастэрынг (хто не ведае, гэта «прычэсванне» гуку) рабілі на студыі ў Лондане. Калі мы атрымалі вынік, то стаялі і плакалі — гэта вялікі прарыў для праекта ŠUMA. Мы пачалі новую старонку ў гісторыі гурта — з выдатным гукам, выдатным візуалам. Цяпер людзі могуць адчуць, як неверагодна, містычна, прыгожа і якасна можа гучаць беларуская песня ў электроннай музыцы.
— Вініл BAHNA вы прэзентавалі 23 траўня на пляцоўцы Mala Warszawa. Якім атрымаўся канцэрт?
— Гэта быў наш першы сольны канцэрт у польскай сталіцы. Каб назбіраць грошай на яго рэалізацыю, мы доўга працавалі на сваіх працах (усміхаецца — budzma.org). Акцэнт мы зрабілі на гук, і аўдыторыя гэта ацаніла: «Цяпер, нарэшце, зразумела, што вы маеце на ўвазе, калі кажаце, што электронная музыка вымагае добрай акустычнай сістэмы». Эфект быў такі, што людзі трымаліся за калонкі, клаліся на падлогу.
— Затым быў працяг на фестывалі беларускай культуры «Варушняк», дзе вы з’яўляецеся таксама кафаўндарам.
— Задача «Варушняка» — з дапамогай калабарацыі прагрымець навокал. Бо, па шчырасці, свету похер: захоўваем мы сваю культуру ці не. Самы папулярны адказ, які мы атрымліваем пры зваротах да розных фондаў і ініцыятываў: «Ребята, классная работа — помочь ничем не можем». Таму мы вырашылі, што трэба самім усіх нашых звязаць, падтрымаць.
На «Варушняку» зладзілі калабарацыю: былі ŠUMA, дыджэі, Максім Осіпаў з выставай, Паша Плаха з інсталяцыяй. Спадзяюся, для людзей гэта быў канцэрт-цукерка, дзе яны кайфанулі.
Пасля «Варушняка» польскі журналіст напісаў пост у «Фэйсбуку», яго меседж быў такім: людзі, гляньце, як беларусы ведаюць і шануюць сваю культуру, як прыгожа яны гэта робяць, давайце браць з іх прыклад. Такія моманты вельмі кранаюць і падтрымліваюць. Мы, беларусы, дзе б ні былі, збіваемся ў стайкі і адбудоўваем, як маленькі мурашнік, жыццё наноў.
На кастрычнік рыхтуем тур — пакуль раскрываць канкрэтныя месцы не буду, але там будуць пляцоўкі, куды мы раней і не марылі трапіць. Гіпна-тэхна адкрывае беларускай культуры новыя дзверы.
— Таксама вы займаецеся вакальнай тэрапіяй, кіруеце жаночым хорам у Варшаве. Чым можаце пахваліцца за апошні час?
— За год на навучанне прыйшло каля ста жанчын. Я сею адзін і той жа рэпертуар: калі нас яшчэ больш раскідае па свеце, то пры сустрэчы не трэба будзе думаць, што ж заспяваць — «Цячэ вада ў ярок» ці «Касіў Ясь канюшыну». Сто чалавек ужо ведаюць каля 20 найлепшых традыцыйных спеваў.
Фота: Ганна Шот
— Можаце патлумачыць тым, хто не ў курсе: у чым уласна тэрапеўтычны эфект такіх спеваў?
— У сучасным грамадстве мы маем дзве вялікія праблемы: нарцысізм («астатнія пачакаюць») і вялікая самота, якая выцякае з яго. «Я не разумею гэты свет», «каму я патрэбны». Калі людзі разам збіраюцца паспяваць, то досвед распускаецца і застаецца толькі цела, якое гучыць. Галасы зліваюцца, і становіцца незразумелым: гэта я гучу ці мая партнёрка? За кошт сумеснага спявання можна адшчапіцца ад сваёй дарослай ідэнтычнасці і эга, стаць блізкімі з іншымі.
Бітва эга знікае — мы роўныя, мы проста целы і гук. Псіхіка нібы адпраўляе нас на рукі да маці, якая сядзіць са сваім племенем вакол вогнішча — і там усім спакойна, бяспечна і прыгожа.
Гэта калі казаць пра псіхалагічны бок. А ёсць яшчэ фізіялагічны: пры спевах наша цела вібруе (а чым больш людзей спявае, тым большы ўзровень вібрацыі). У гэты момант вучаніцы параўноўваюць свой стан з тым, нібы яны добра выспаліся, альбо выпілі келіх віна. Вельмі прыемна і целу, і псіхіцы.
— Вы ў Варшаве ўжо каля двух з паловай гадоў. Як цяпер адчуваеце сябе ў ёй?
— Мне пакуль складана прыняць горад і праўду жыцця, якая заключаецца ў тым, што я не магу жыць дома ў Беларусі. Я хацела б займацца выключна культурай і музыкай, а вымушаная займацца забеспячэннем сябе і дзіцяці. Па шчырасці, у мяне нават няма часу, каб пагуляць па горадзе. Мае офіс і студыя — у кватэры, дачку трэба адвесці і забраць з садка. Весці сацыяльнае жыццё — хадзіць на выставы і імпрэзы — з маленькім дзіцём складана.
Таму Варшаву я амаль не ведаю, хаця люблю вуліцу (гістарычная вуліца Сталёва) і кватэру, дзе жыву. І шчаслівая адчуваць сябе ў бяспецы і бачыць поспехі дачкі — яна гаворыць на польскай як native speaker. Аднак раману з Варшавай у мяне пакуль не адбылося, бо тупа не стае часу, каб жыць за межамі мацярынства і творчасці.
— Напачатку нашай размовы вы адзначылі, што працуеце адначасова над некалькімі праектамі.
— Так, давайце пералічу: гурт ŠUMA, фестываль «Варушняк», жаночы хор, платная вакальна-тэрапеўтычная практыка, эстонскі дадатак для трэніроўкі голасу Vocal Image.