БЕЛ Ł РУС

Брытанія заявіла, што ГРУ задоўга да атручвання Юліі Скрыпаль узламала яе імэйл

19.07.2025 / 7:57

Nashaniva.com

За пяць гадоў да замаху на былога супрацоўніка ГРУ Сяргея Скрыпаля расійская ваенная разведка ўзламала электронную прыладу яго дачкі Юліі, якая падверглася атручванню ў Солсберы ў 2018 годзе разам з бацькам. Пра гэта згадваецца ў абвестцы ўрада Вялікабрытаніі аб чарговых санкцыях супраць Расіі, піша Бі-бі-сі.

Фота: Dylan Martinez — WPA Pool/Getty Images

У пятніцу ў брытанскі санкцыйны спіс былі ўнесены тры структурныя падраздзяленні ГРУ і 18 яе афіцэраў. У іх лік увайшлі Іван Ермакоў, Аляксей Лукашаў і 85-ы галоўны цэнтр спецыяльнай службы ГУ ГШ, ён жа в/ч 26165, у якой, як сцвярджаецца, служаць абодва згаданыя супрацоўнікі.

Як сказана ў заяве Міністэрства замежных спраў Вялікабрытаніі з гэтай нагоды, «сённяшнія дзеянні таксама ўдарылі па афіцэрах ваеннай разведкі ГРУ, адказных за мінулы ўзлом прылады Юліі Скрыпаль шкоднасным праграмным забеспячэннем, вядомым як X-Agent, за пяць гадоў да няўдалага замаху агентаў ГРУ на забойства Юліі і Сяргея Скрыпалёў смяротным нервова-паралітычным ядам «Навічок» у Солсберы».

У заяве не ўдакладняецца тып узломанай прылады. У больш падрабязнай даведцы згадваецца, што ўзлом у 2013 годзе быў трансгранічным і закранаў электронную пошту Скрыпаль.

Запісы пра Ермакова і Лукашава ў санкцыйным спісе незвычайна сціплыя на падрабязнасці, там не пазначаны іх нумары пашпартоў, адрасы і нават рускае напісанне імёнаў. Сяргей Скрыпаль, асуджаны ў Расіі за дзяржаўную здраду ў 2004 годзе, у 2010 годзе быў абмяняны на расійскіх шпіёнаў, арыштаваных у ЗША, і абаснаваўся ў Солсберы на паўднёвым захадзе Англіі. У сакавіку 2018 года яго і дачку, якая прыехала да яго з Расіі, знайшлі без прытомнасці. Улады Вялікабрытаніі заявілі, што Скрыпалі падвергліся атручванню нервова-паралітычным ядам «Навічок», які нанеслі на дзвярную ручку засланыя агенты ГРУ. Таксама ад атручвання ў тыя дні пацярпелі паліцэйскі і людзі, якія выпадкова паднялі флакон, у якім знаходзіўся яд, адна жанчына, Дон Стэрджэс, памерла.

Самі Скрыпалі выжылі, але з моманту замаху не з’яўляліся на публіцы, што тлумачыцца захаваннем пагрозы іх жыццю. На грамадскіх слуханнях аб акалічнасцях смерці Дон Стэрджэс летась Сяргей Скрыпаль выступіў з пісьмовымі паказаннямі.

Расія шмат разоў адмаўляла сваю датычнасць да таго, што адбылося ў Солсберы. Заяў аб новых санкцыях і аб узломе прылады Юліі Скрыпаль Масква пакуль не рабіла.

Чытайце таксама:

Вялікабрытанія назвала імёны 18-ці пуцінскіх шпіёнаў

Каментары да артыкула