БЕЛ Ł РУС

Сэкс-коўч беларускага паходжання Алекс Лэслі прыляцеў у Маскву і не быў затрыманы, нягледзячы на крымінальную справу

19.07.2025 / 10:51

Nashaniva.com

Блогер і сэкс-коўч Алекс Лэслі паведаміў пра сваё вяртанне ў Маскву, паведамляе «Новая газета. Еўропа».

«Усё ок, толькі прадзьмула ў самалёце. На мяжы ніякіх пытанняў. Я еду адпаіць сябе гарбатай», — напісаў ён.

Да гэтага блогер апублікаваў білет на самалёт і заявіў, што «ўсё скончыцца так жа, як і ў 2019». Тады Кірылава прыгаварылі да ўмоўнага тэрміну і фактычнага зняволення на дзевяць месяцаў за нелегальны «сэкс-трэнінг» у Тайландзе.

Раней Лэслі абвінаваціў Алега Дзерыпаску ў арганізацыі супраць яго крымінальнай справы аб ўцягненні ў прастытуцыю ў 2018 годзе і заявіў, што зараз супраць яго таксама фабрыкуюць справу, «выбіваючы прызнанні ў невінаватых людзей».

У канцы чэрвеня супраць «сэкс-коўча» завялі крымінальную справу па артыкуле аб падбухторванні да згвалтавання. Паводле версіі следства, мужчына схіляў сваіх паслядоўнікаў здзяйсняць супраць масквічак супрацьпраўныя дзеянні сэксуальнага характару і здымаць гэта на відэа.

Алекс Лэслі — гэта псеўданім 43-гадовага віцебчука Аляксандра Кірылава. У свой час ён скончыў Віцебскі фізіка-матэматычны ліцэй №1, а потым паехаў скараць Расію — паступіў на мехмат МДУ.

Але знайшоў сябе зусім у іншай сферы — стаў трэнерам па знаёмствах і спакушэннях. Лэслі вывучаў усё, што знаходзіў — эрыксанаўскі гіпноз, НЛП, амерыканскія і нават савецкія школы спакушэння. А пасля распрацаваў уласную методыку «лэслізм».

Сусветную вядомасць Алекс Лэслі атрымаў разам з іншай беларускай — Насцяй Рыбкай (сапраўднае імя Анастасія Вашукевіч).

Разам пара праводзіла трэнінгі па спакушэнні, якія шмат хто лічыў сэкс-сектай. У лютым 2018 года Насцю Рыбку і Алекса Лэслі затрымалі ў Бангкоку за правядзенне нелегальных сэкc-трэнінгаў пад выглядам урокаў па спакушэнні. Іх абвінавацілі ў парушэнні тайскага заканадаўства аб барацьбе з прастытуцыяй.

Лэслі і Рыбка спрабавалі прасіць палітычнага прытулку ў амбасадзе ЗША ў Бангкоку, абяцаючы распавесці шмат чаго цікавага. Але нічога не атрымалася. У 2019 годзе іх выпусцілі з турмы ў Тайландзе і дэпартавалі.

Свае трэнінгі Лэслі ладзіць не толькі ў Расіі, але і ў Еўропе. Сёлета ён рэкламаваў трэнінг у Варшаве.

Чытайце таксама:

У Маскве мужчыны масава спрабуюць знаёміцца, мацаючы дзяўчат за ягадзіцы. Так загадаў рабіць сэкс-коўч з Беларусі

Каментары да артыкула