БЕЛ Ł РУС

Прэм'еру і спікеру Сейма Літвы прыпомнілі, што яны 17 гадоў таму ездзілі ў Беларусь

22.07.2025 / 23:6

Nashaniva.com

У Літве ўзнік палітычны скандал з-за таго, што мясцовы журналіст і грамадскі дзеяч, заснавальнік канала Laisvės TV Андрус Тапінас знайшоў кампрамат на цяперашніх прэм'ер-міністра краіны Гінтаўтаса Палуцкаса і спікера парламента Саўлюса Сквярняліса. Маўляў, у лістападзе 2008 годзе яны чамусьці ездзілі ў Мінск, піша Delfi.lt.

Саўлюс Сквярняліс і Гінтаўтас Палуцкас. Фота: Verslo žinios

На думку Андруса Тапінаса, прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа павінен быў бы пацікавіцца ў кіраўнікоў парламента і ўрада мэтамі гэтай паездкі.

Аднак Саўлюс Сквярняліс сам адказаў Тапінасу, што прычына таго даўняга візіту ў Беларусь была простая — палітыкі адправіліся туды глядзець футбол.

«Прычына самая банальная — матч Лігі чэмпіёнаў. «БАТЭ Барысаў» і «Рэал Мадрыд». Мы ездзілі паглядзець на «Рэал Мадрыд», — заявіў Сквярняліс.

Ён таксама падкрэсліў, што ў той час геапалітычная сітуацыя была іншай — дыпламатычныя адносіны з Мінскам існавалі і ў тагачаснага ўрада, і ў адміністрацыі прэзідэнта.

«І я ездзіў як генеральны камісар паліцыі, і як намеснік з афіцыйнымі візітамі. І яны (беларусы) сюды прыязджалі. У тыя часы гэта было звычайнай практыкай», — сказаў палітык.

Саўлюс Сквярняліс пацвердзіў, што тады ён, Палуцкас, бізнэсмен Дарус Вільчынскас і кіроўца Паўлюс Жыліс ехалі ў Беларусь у адной машыне, як старыя сябры.

22 ліпеня Андрус Тапінас напісаў у фэйсбуку, што 26 лістапада 2008 года, паводле звестак памежнай службы Беларусі, мяжу краіны перасёк легкавы аўтамабіль маркі Volkswagen, у якім знаходзіліся Саўлюс Сквярняліс, які займаў у той час пасаду намесніка генеральнага камісара паліцыі, і Гінтаўтас Палуцкас, які займаў у той час пасаду дырэктара адміністрацыі Віленскага самакіравання. У аўтамабілі таксама знаходзіліся бізнэсовец і сябар сям'і абодвух палітыкаў Дарыюс Вільчынскас і кіроўца Паўлюс Жыліс. 

Чытайце таксама:

Спікер Сейма Літвы пра шырокае выкарыстанне рускай мовы ў Вільні: З гэтай праблемай нельга мірыцца

Спікер літоўскага парламента заклікаў не пагаршаць умовы для беларусаў у Літве

Прэм'ер Літвы: За выключэннем асобных людзей пятай калоны ў краіне няма

Прэм'ер Літвы: Санкцыі супраць Расіі і Беларусі павінны быць хаця б рэгіянальнымі, нацыянальныя без толку

Каментары да артыкула