«Разам адкрывалі кантынент беларушчыны». Вінцук Вячорка згадаў пра Эдварда Зайкоўскага
22 ліпеня у 72 гады памёр вядомы беларускі археолаг, колішні ўдзельнік Беларускай Майстроўні 1980-х Эдвард Зайкоўскі. Пра яго ў фэйсбуку цёпла прыгадаў сябра яшчэ па тых далёкіх часах, мовазнаўца і палітык Вінцук Вячорка.
Эдвард Зайкоўскі. Фота: facebook.com/vincuk.viacorka
Прыроджана інтэлігентны, глыбокі, сур’ёзны і сціплы — і адначасова авантурны, жартаўлівы, творчы. Родам з Дубашоў, з-пад Ракава, ён не мог не стаць сведамым беларусам і не мог не далучыцца да Беларускай Майстроўні.
Мы разам адкрывалі прыхаваны ад нас саветамі кантынент беларушчыны, распытваючы Зоську Верас, шукаючы родныя мясціны Ластоўскага, вандруючы па Марцінкевічавым краі…
Ён як археолаг умеў глядзець углыб зямлі, вычытваючы ў ёй пасланне продкаў: ягонай тэмай на сутыку археалогіі і архаічнай семантыкі светабудовы была цэлая сетка Дзявочых гор, і сугучча назвы з індаеўрапейскім коранем «бог» невыпадковае. Кнігу Эдвард напісаў, але так і не паспеў выдаць…
Мы разам з латышамі плылі ў водным ралі «Дзвіна-Daugava 1987», баронячы раку ад разбуральнай пабудовы Даўгаўпілскай ГЭС, і спявалі гімн Дзвіны:
«У золкім подыху вякоў
Данесла нам ты продкаў кліч:
За волю дзвінскіх берагоў
Не раз ішоў на бой крывіч.
Бяжы, Дзвіна, віруй, Дзвіна,
Твая вада — твая сляза,
Бяжы, Дзвіна, віруй, Дзвіна,
Твая бяда — мая сляза…»
Верш стварыў Эдвард, а музыку тут жа напісаў быў Зміцер Сідаровіч.