БЕЛ Ł РУС

«Як дабівацца праўды?» Пасля смерці школьніцы ў бальніцы Ельска бацькам не даюць ніякай інфармацыі пра расследаванне

23.07.2025 / 10:54

Nashaniva.com

Больш за два месяцы прайшло з моманту трагедыі ў Ельску, дзе ў раённай бальніцы памерла 14-гадовая школьніца. СК тады паведамляў аб правядзенні праверкі, але з тых часоў ніякай інфармацыі аб ходзе расследавання не з'явілася, піша «Флагшток».

Памерлая школьніца. Фота: сацсеткі

Як высветлілася, бацькам дзяўчынкі таксама нічога не вядома пра вынікі праверкі. З гэтай нагоды бацька школьніцы выклаў у сацсеткі эмацыйнае відэа, у якім падзяліўся сваім болем.

Таксама мужчына пракаментаваў спробы прызнаць яго шматдзетную сям'ю як тую, якая знаходзіцца ў сацыяльна небяспечным становішчы.

«Два месяцы ў мяне няма дачкі. Я шукаю яе кожны дзень, кожны вечар на вуліцы, на балконе я спрабую выглядаць сваю дачку. Мне бракуе яе, яна была мне вельмі дарагая. Бачачы іншых дзяўчатак, я бачу сваю дачку. Час лекуе? Не. Таму я прашу, паведаміце мне, што адбываецца цяпер», — публічна звярнуўся мужчына.

Ён расказаў на відэа:

«Ніхто нічога не паведамляе. Я ўдакладняў — мне сказалі: мы нічога не ведаем, у Мінску займаюцца. Былі вынікі экспертызы, не былі — я не ведаю. У каго пытацца, каму тэлефанаваць? Ці трэба нейкія скандалы ладзіць, каб нешта даведацца? Як дабівацца праўды?»

Са слоў мужчыны, доктарка, якая прызначала дзіцяці кропельніцу, пасля якой яна раптам страціла прытомнасць і неўзабаве памерла, не была адхіленая ад працы на час праверкі:

«Ніхто не пакараны, нікога не адхілілі. Я нічога не ведаю. Ціша. Глухая ціша».

Чытайце таксама:

Бацька 14-гадовай школьніцы, якая памерла ў бальніцы, падаў заяву ў міліцыю

Мінздароўя стварыла камісію па расследаванні гібелі 14-гадовай школьніцы ў бальніцы ў Ельску

«Ішла закрываць бальнічны». Бацька пра памерлую ў бальніцы ў Ельску 14-гадовую дачку

Каментары да артыкула