БЕЛ Ł РУС

Беларуска ўпала на ганку дома і адсудзіла ў камунальнікаў 5000 рублёў кампенсацыі

23.07.2025 / 17:28

Nashaniva.com

Жанчына неаднаразова звяртала ўвагу камунальных службаў на дрэнны стан лесвіцы каля пад’езда. Вясной 2023 года яна падымалася па гэтых прыступках, а калі ступіла правай нагой на апошнюю з іх, кавалак тынкоўкі адарваўся і ўпаў ёй на левую нагу, піша прэс-служба Гомельскага абласнога суда.

Фота ілюстрацыйнае

Жанчына спатыкнулася і ўпала на пешаходную дарожку. З траўмамі яе забралі ў бальніцу, дзе яна правяла каля месяца.

У судзе жанчына заявіла, што камунальнікі, адказныя за тэхнічнае абслугоўванне і рамонт, парушылі закон аб абароне правоў спажыўцоў жыллёва-камунальных паслуг. Яна патрабавала кампенсацыю маральнай шкоды ў памеры 100 тысяч рублёў.

Высветлілася, што дом абслугоўваўся тым самым прадпрыемствам, а лесвіцу не рамантавалі, хоць гэта было прадугледжана праектам рамонту. Рамонт прыступак зрабілі толькі ў 2024 годзе. Суд адзначыў, што лесвіца мела расколіны, сколы і адслаенні пакрыцця, што сведчыць пра нізкую якасць рамонтных работ.

Суд прыйшоў да высновы, што менавіта дрэнны стан лесвіцы стаў прычынай падзення і траўмы. Камунальнікі, як устаноўлена, адказваюць і за бяспеку тэрыторыі каля дома. У выніку суд пастанавіў выплаціць жанчыне 5000 рублёў маральнай кампенсацыі.

Чытайце таксама:

Жыхары райцэнтра ў Віцебскай вобласці гадамі скардзяцца на дрэнную ваду

Як усталяваць кандыцыянер на фасадзе дома? Камунальнікі патлумачылі

Смеццевыя палігоны ў Беларусі амаль цалкам вычарпалі свой рэсурс. Што будзе далей з адходамі?

Каментары да артыкула