Стала вядома, пра што сёння гаварылі ўкраінцы і расіяне ў Стамбуле
Пасля хуткага завяршэння перамоў у Стамбуле як украінскі, так і расійскі бакі расказалі, пра што на іх вялася гаворка і ці былі дасягнутыя якія дамоўленасці.
Кіраўнік украінскай дэлегацыі Рустэм Умераў. Фота: Chris McGrath/Getty Images
Кіраўнік украінскай дэлегацыі Рустэм Умераў паведаміў, што Кіеў прапанаваў да канца жніўня арганізаваць сустрэчу прэзідэнтаў Украіны і Расіі пры ўдзеле прэзідэнта Турцыі Рэджэпа Эрдагана і прэзідэнта ЗША Дональда Трампа. У сваю чаргу, галоўны прадстаўнік Расіі Уладзімір Мядзінскі адзначыў, што перад сустрэчай лідараў трэба абмеркаваць магчымыя пагадненні па ўрэгуляванні канфлікту і тэмы, якія будуць узнятыя.
Умераў заявіў, што пакуль прагрэс па пытанні спынення агню адсутнічае, але праца працягваецца. Паводле яго слоў, галоўны прыярытэт для Украіны — гэта людзі, спыненне баявых дзеянняў і сустрэча лідараў.
Абодва бакі пацвердзілі, што рыхтуецца гуманітарны абмен палоннымі ў фармаце 1200 на 1200. Мядзінскі паведаміў, што адразу пасля перамоў у Стамбуле ўжо адбыўся чарговы абмен: 250 украінскіх вайскоўцаў памянялі на 250 расійскіх на мяжы з Беларуссю.
Таксама ён заявіў, што Расія завяршыла працу над спісам украінскіх дзяцей, перададзеным на папярэднім раўндзе перамоў. Аднак, па яго словах, шмат хто з дзяцей ніколі не знаходзіўся на тэрыторыі Расіі, а частка з іх — ужо паўналетнія. Ён таксама паведаміў, што каля 30 жыхароў Курскай вобласці, якіх УСУ вывезлі ва Украіну, пакуль не вярнуліся ў Расію.
Акрамя гэтага, прадстаўнік Пуціна паведаміў, што Масква прапанавала стварыць тры анлайн-групы для далейшых перамоў — па палітычных, гуманітарных і вайсковых пытаннях. Яшчэ адна прапанова — уводзіць часовыя перамір’і на 24 або 48 гадзін для эвакуацыі параненых і вывазу загінулых.
Рустэм Умераў падкрэсліў, што дакументы, якія абмяркоўваліся на перамовах, некарэктна называць мемарандумамі:
«Гэта праекты. Важна адзначыць, што ўкраінскія дакументы больш рэалістычныя, чым расійскія».
Чытайце таксама:
Расія і Украіна завяршылі перамовы ў Стамбуле. Яны ішлі каля 40 хвілін
Сырскі папрасіў Трампа дапамагчы Украіне перанесці вайну на тэрыторыю Расіі
ЗША паставяць зброю найперш тым саюзнікам, якія аддадуць свае запасы Украіне
ЗША адклалі ўзгодненую пастаўку Patriot Швейцарыі, бо ў прыярытэце Украіна