БЕЛ Ł РУС

Выставілі на аўкцыён кватэру з самага высокага ў Беларусі панэльнага хмарачоса

24.07.2025 / 19:43

Nashaniva.com

У Гомелі выставяць на аўкцыён трохпакаёвую кватэру, што знаходзіцца на 22-м паверсе першага гарадскога хмарачоса на вуліцы Мазурава, піша «Белка».

Будынак, пра які ідзе гаворка — самы высокі панэльны дом не толькі ў Гомелі, але і ва ўсёй Беларусі. Пра яго здачу паведамлялі ў маі гэтага года.

Плошча кватэры — 80,2 квадратнага метра, унутранага аздаблення няма. Пачатковая цана — 261 981 рубель, што складае прыкладна 3266 рублёў за квадратны метр — амаль столькі ж, колькі ў кватэрах у суседніх хмарачосах, што зараз будуюцца.

Кватэра мае вокны на некалькі бакоў, у тым ліку з відам на азёры і лес. Нізкая забудова ў мікрараёне №18 не перашкаджае агляду.

Аўкцыён адбудзецца 25 жніўня ў адкрытым фармаце. Заяўкі прымаюцца да 16:00 21 жніўня. Каб удзельнічаць, трэба зрабіць заклад 5000 рублёў — яго вернуць усім, акрамя пераможцы. Крок таргоў — 5% ад пачатковай цаны. Калі ўдзельнік будзе толькі адзін, ён атрымае кватэру па пачатковай цане плюс 5%. Увесь кошт неабходна аплаціць на працягу 20 дзён.

Як адзначыў начальнік упраўлення капітальнага будаўніцтва Гомельскага ДБК Андрэй Чысты, у гэтым 24-павярховым доме такая кватэра — адзіная. Яна першапачаткова не прадугледжвалася для продажу па долевым будаўніцтве. У суседнім доме, што будуецца па такім жа праекце, яшчэ 24 кватэры на верхніх паверхах таксама будуць прадавацца праз аўкцыён пасля здачы дома.

Чытайце таксама:

У Беларусі дабудавалі самы высокі ў краіне панэльны дом. І знаходзіцца ён не ў Мінску

У Мінску прадаецца кватэра з рэальна ўнікальным відам з ванны

Сілуэт хмарачоса ўжо вымалёўваецца. Як цяпер выглядае шматпакутны «Газпрам Цэнтр» у Мінску ФОТА

Каментары да артыкула