БЕЛ Ł РУС

Двухгадовае дзіця загрызла кобру да смерці

28.07.2025 / 22:29

Nashaniva.com

У адной з вёсак штата Біхар на ўсходзе Індыі адбыўся выпадак, які здзівіў нават дасведчаных медыкаў: двухгадовы хлопчык адкусіў галаву кобры, што абвіла яго руку.

Двухгадовы Гавінда Кумар адкусіў галаву кобры. Скрын відэа: Sathi_samachar_hindi / YouTube

Як паведамляе The Telegraph, двухгадовы Гавінда Кумар гуляў каля свайго дому, калі заўважыў прыкладна метровую кобру. Замест таго каб спалохацца, ён схапіў яе, а тая, у сваю чаргу, абвілася вакол яго маленькіх рук. Але замест таго, каб закрычаць, дзіця засунула галаву змяі ў рот і сціснула сківіцы,

Паводле слоў бабулі, яна знаходзілася побач, калі дзіця заўважыла змяю. «Я перакладала дровы каля дома, і кобра нечакана выпаўзла. Хлопчык, напэўна, убачыў, як яна рухаецца, і схапіў яе. Мы падбеглі да дзіцяці і ўбачылі, як ён учапіўся зубамі ў галаву кобры. Мы асцярожна выцягнулі змяю з яго рота і вызвалілі яго рукі», — расказала яна.

На той момант, па словах бабулі, змяя ўжо была мёртвай, а дзіця страціла прытомнасць. Яго тэрмінова даставілі ў мясцовы медыцынскі пункт, а затым перавезлі ў шпіталь у горадзе Беціах (Bettiah).

Па словах педыятра Саураба Кумара, дзіця да іх паступіла «актыўным і бадзёрым, але з моцна апухлымі тварам і ротам з-за рэакцыі на атруту, якая трапіла ў ротавую поласць».

Медыкі былі здзіўленыя тым, што расказалі родныя хлопчыка, і некалькі разоў перапытвалі, каб пераканацца, што яго сапраўды не ўкусіла кобра. Гэта было важна, каб выключыць магчымасць трапляння атруты ў яго крывяносную сістэму. Але ўсё сведчыла пра тое, што менавіта хлопчык быў «наступаючым бокам» у гэтай сітуацыі.

«Ён праглынуў частку галавы кобры, таму таксін трапіў у страўнікава-кішэчны тракт, а не ў кроў, як бывае звычайна пасля ўкусу. Гэта вельмі рэдкі сцэнар», — патлумачыў доктар Кумар.

Дзіця атрымала супрацьалергічныя лекі і знаходзілася пад назіраннем 48 гадзін. Паколькі больш ніякіх сімптомаў не праявілася, хлопчыка выпісалі са шпіталя.

Чытайце таксама:

У Індыі 8-гадовага хлопчыка ўкусіла кобра, а той укусіў яе ў адказ. Змяя памерла

Індыец зняўся з кобрай на плячах і памёр ВІДЭА

Інданезійская спявачка памерла на сцэне пасля ўкусу кобры

Каментары да артыкула