«У нас у Літве проста так не б'юць». Збіты журналіст «Маланкі» расказаў, як ідзе расследаванне інцыдэнту
25 ліпеня стала вядома, што на аднаго з супрацоўнікаў беларускага СМІ Malanka Media напалі на вуліцы — мужчына ў стане алкагольнага ап'янення раптам ударыў яго некалькі разоў па твары. Цяпер пацярпелы расказаў, як прасоўваецца расследаванне па ягонай справе.
Фота пацярпелага пасля інцыдэнту
Па гэтым інцыдэнце была заведзеная крымінальная справа. Аднак, па словах пацярпелага, з пятніцы справа ніяк не зрушылася з мёртвага пункту: паліцыя нават не зняла запісы з камер і не дапытала відавочцаў, у тым ліку жанчыну, якая выклікала хуткую.
Падазрэнні, што справу замнуць, у хлопца з'явіліся адразу. У бальніцы, куды яго даставілі, дактары адмовіліся выклікаць паліцыю і параілі ісці туды самому. У пастарунку супрацоўнік паліцыі спытаў: «Па справе пабілі?» — а пачуўшы адказ «не», нібыта заявіў: «У нас у Літве проста так не б'юць».
Следчая, якая афармляла заяву, удакладняла ў беларуса, ці ўпэўнены ён, што хоча даводзіць справу да разглядаў.
Сёння пацярпелы зноў сустрэў нападніка — той спакойна гуляў у двары дома, дзе некалькі дзён таму і адбылося злачынства. Званок у паліцыю не дапамог: мужчыну нібыта адказалі, што «лавіць ужо няма каго» і параілі ператэлефанаваць, калі той вернецца ў двор.