Стала вядома пра арышт папулярнай мастачкі Аксаны Шаляпінай
Да яе прыйшлі за дапамогу палітвязням.
Аксана Шаляпіна. Фота: Sb.by
У СІЗА трапіла мастачка Аксана Шаляпіна. Як паведамляюць праваабаронцы, на яе завялі крымінальную справу па артыкуле 361-4 Крымінальнага кодэкса — садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці.
Аксане Шаляпінай 48 гадоў, яна мінчанка. Скончыла архітэктурны факультэт БНТУ, у 2000-2005 працавала архітэктарам у праектным інстытуце ў Мінску, пасля занялася дызайнам памяшканняў
З 2009 года Аксана захапілася маляваннем у тэхніцы алейнага жывапісу і ў найбольшай меры рэалізавала сябе менавіта ў гэтай сферы.
Праз арт-каталогі прадаецца некалькі дзясяткаў карцін Шаляпінай, пераважна гэта пейзажы. Яшчэ каля 50 карцін пазначаныя як прададзеныя, самая дарагая каштавала 800 еўра.
Карціна «Мора» была прададзена за 800 еўра
Карціна «Лавандавае неба» каштавала 500 еўра
Работы Шаляпінай знаходзяцца ў прыватных калекцыях ЗША, Германіі, Італіі і іншых краін.
Мастачцы можа пагражаць ад хіміі на тэрмін да 4 гадоў да калоніі на тэрмін ад 2 да 6 гадоў.